ВЫСЛОЎІ 1 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Разьдзел 1 1 Прыповесьці Салямона, сына Давіда, валадара Ізраіля, 2 каб спазнаць мудрасьць і настаўленьне, зразумець словы розуму, 3 каб атрымаць настаўленьні ў разважлівасьці, праведнасьці, судзе і справядлівасьці, 4 каб неразумным даць разумнасьць, юнаку — веды і разважлівасьць. 5 Мудры няхай слухае і павялічвае веды, а разумны няхай прыдбае мудрыя думкі, 6 каб зразумець выслоўе і прыповесьць, словы мудрых і загадкі іхнія. 7 Страх перад ГОСПАДАМ — пачатак веданьня. Неразумныя пагарджаюць мудрасьцю і настаўленьнем. 8 Сыне мой, паслухай перасьцярогаў бацькі твайго і не адкідай настаўленьняў маці тваёй, 9 бо яны — прывабны вянок на галаве тваёй і каштоўныя каралі на шыі тваёй. 10 Сыне мой, калі б цябе намаўлялі грэшнікі, не далучайся да іх. 11 Калі яны скажуць: «Хадзем з намі! Зробім засаду дзеля праліцьця крыві; наставім без прычыны пастку на нявіннага; 12 праглынем іх жыўцом, як пекла, і цалкам, як тых, што зыходзяць у магілу; 13 знойдзем усялякія каштоўнасьці, напоўнім дамы свае здабычаю. 14 Жэрабя сваё кідай разам з намі, няхай адзін мех будзе для нас усіх». 15 Сыне мой, не хадзі з імі, устрымай нагу тваю ад сьцежкі іхняй, 16 бо ногі іхнія бягуць да злачынства і сьпяшаюцца на праліцьцё крыві. 17 Бо надарэмна настаўляецца сетка на вачах усяго птаства. 18 А яны цікуюць на ўласную кроў, робяць засаду супраць душы сваёй. 19 Такія вось сьцежкі кожнага, хто прагне чужога даброцьця; яно забірае душу таго, хто завалодае ім. 20 Мудрасьць гукае на вуліцах, на плошчах узьнімае голас свой, 21 на скрыжаваньнях шумлівых дарог кліча, у брамах гарадзкіх гучаць яе словы: 22 «Дакуль, неразумныя, будзеце любіць неразумнасьць; дакуль, насьмешнікі, будзеце захапляцца насьмешкамі сваімі, а невукі — пагарджаць веданьнем? 23 Зьвярніцеся да настаўленьня майго, і я выльлю на вас духа майго, і абвяшчу вам словы мае. 24 Вось жа я клікала, але вы адмаўляліся, працягвала руку сваю, але ніхто не зьвярнуў увагі. 25 Вы ўзгардзілі радай маёю і адкінулі дакараньні мае. 26 Дык і я буду сьмяяцца з падзеньня вашага, і насьміхацца буду, калі прыйдзе на вас жах. 27 Калі нахлыне жах, як бура, і загуба ваша, быццам віхура, калі прыйдуць на вас трывога і гора, 28 тады будуць клікаць мяне, але я не адкажу, будуць шукаць мяне, і ня знойдуць мяне. 29 Бо яны зьненавідзелі веданьне і ня выбралі для сябе страху перад ГОСПАДАМ, 30 і не пайшлі за парадамі маімі, і ўзгардзілі перасьцярогамі маімі. 31 Дык няхай ядуць яны плады шляху свайго і насыцяцца намерамі сваімі. 32 Бо адступніцтва неразумных заб’е іх, бяздумнасьць дурняў загубіць іх. 33 А хто слухае мяне, будзе жыць бясьпечна, будзе спакойны, не баючыся зла». |