Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ВЫСЛОЎІ 3 - Біблія (пераклад А.Бокуна)


Разьдзел 3

1 Сыне мой, не забывайся настаўленьня майго, і няхай сэрца тваё захоўвае прыказаньні мае,

2 бо доўгія дні, гады жыцьця і супакой прынясуць яны табе.

3 Міласэрнасьць і праўда няхай не пакідаюць цябе, абвяжы імі шыю сабе і напішы іх на табліцах сэрца твайго,

4 і знойдзеш ты ласку і спагаднасьць у вачах Бога і людзей.

5 Спадзявайся на ГОСПАДА ўсім сэрцам тваім і не абапірайся на розум твой.

6 Думай пра Яго на ўсіх шляхах тваіх, і Ён выпрастуе сьцежкі твае.

7 Ня будзь мудры ў вачах сваіх, бойся ГОСПАДА і пазьбягай ліхоты.

8 Гэта будзе здароўем для цела твайго і спасіленьнем для костак тваіх.

9 Шануй ГОСПАДА ўсёй маёмасьцю тваёй і пяршынамі ўсіх пладоў тваіх,

10 і напоўняцца гумны твае збожжам, а тоўчні твае перапоўняцца новым віном.

11 Не адкідай, сыне мой, настаўленьня ГОСПАДА, і не ўхіляйся, калі Ён дакарае цябе,

12 бо каго любіць ГОСПАД, таго карае, як бацька, які спагадае сыну.

13 Шчасьлівы чалавек, які знайшоў мудрасьць, і чалавек, які прыдбаў разуменьне.

14 Бо здабыць яе лепш, чым здабыць срэбра, і плады ейныя лепшыя за золата.

15 Яна — каштоўнейшая за пэрліны, і нішто з таго, што ты прагнеш, ня можа параўнацца з ёю.

16 Доўгасьць дзён у правай руцэ яе, а ў левай руцэ — багацьце і слава.

17 Шляхі яе — шляхі прыемныя, і ўсе сьцежкі ейныя — супакой.

18 Яна — дрэва жыцьця для тых, што трымаюцца яе, шчасьлівыя тыя, якія абапіраюцца на яе.

19 ГОСПАД мудрасьцю заснаваў зямлю, нябёсы ўмацаваў розумам.

20 Яго веданьнем расчыніліся бяздоньні і аблокі імгляць расою.

21 Сыне мой, няхай гэта не адыходзіць ад вачэй тваіх, захоўвай разумнасьць і разважнасьць.

22 І яны стануцца жыцьцём для душы тваёй і аздобаю для шыі тваёй.

23 Тады пойдзеш бясьпечна шляхам тваім, і нага твая не пахісьнецца.

24 Калі ляжаш спаць, ня будзеш мець страху, і калі засьнеш, сон твой будзе салодкі.

25 Не спалохаешся раптоўнага страху і загубы бязбожнікаў, калі яна прыйдзе,

26 бо ГОСПАД будзе спадзяваньнем тваім і захавае нагу тваю ад пасткі.

27 Не адмаўляй у дабрадзействе таму, хто патрабуе, калі рука твая мае сілу зрабіць гэта.

28 Не кажы бліжняму твайму: «Ідзі сабе і прыйдзі зноў, заўтра дам табе», калі маеш гэта пры сабе.

29 Не надумляй ліхоцьця супраць бліжняга твайго, калі ён жыве пры табе бясьпечна.

30 Не сварыся з чалавекам без прычыны, калі ён не зрабіў табе нічога благога.

31 Не зайздросьці чалавеку злачыннаму і не выбірай ніводнага са шляхоў ягоных,

32 бо ГОСПАД брыдзіцца крывадушным, а з правымі Ён сябруе.

33 Праклён ад ГОСПАДА на доме бязбожніка, але жытло праведных Ён дабраслаўляе.

34 Ён сьмяецца з насьмешнікаў, а пакорным ласку дае.

35 Мудрыя атрымаюць у спадчыну славу, а бязглуздыя будуць насіць ганьбу.

Сачыце за намі:



Аб'явы