Ёў 411 Вось, спадзяваньне тваё фальшывае. На выгляд ягоны ты ўпадзеш. 2 Няма сьмелых, каб будзіць яго. А хто тады можа стаць перад абліччам Маім? 3 Хто стане перада Мною, і застанецца цэлым? Пад усім небам ён — Мой. 4 Ня буду маўчаць пра часткі цела яго, пра сілу і прыгажосьць іхнюю. 5 Хто можа адкрыць аблічча адзеньня ягонага, і хто падыйдзе да падвойных сківіцаў ягоных? 6 Хто можа адкрыць браму аблічча ягонага? Навокал зубоў ягоных жах! 7 Сьпіна ягоная — як моцныя шчыты, скрэпленыя краменнай пячаткай. 8 Адзін з адным злучаныя, нават паветра праз іх ня пройдзе. 9 Адзін да аднаго шчыльна прылягае, і трымаюцца моцна, і нельга разьдзяліць іх. 10 Чханьне ягонае бліскае сьвятлом, а вочы ягоныя — як павекі зараніцы. 11 З пашчы ягонай выходзіць полымя, выскокваюць іскры агністыя. 12 З ноздраў ягоных выходзіць дым, як з гаршчка нагрэтага, што кіпіць. 13 Подых ягоны распальвае вуглі, і з пашчы ягонай выходзіць полымя. 14 У шыі ягонай начуе сіла, і перад ім жах уцякае. 15 Мяса нутра ягонага сьціснутае, цьвёрдае, не здрыганецца. 16 Сэрца ягонае цьвёрдае, як камень, цьвёрдае, як ніжні камень млынавы. 17 Калі ён устае, дрыжаць асілкі, і хаваюцца ад жаху. 18 Меч, які кранецца яго, не ўстаіць, ані дзіда, ані страла, ані рагаціна. 19 Жалеза лічыць ён за салому, а медзь — за дрэва гнілое. 20 Не палохае яго сын луку, і камень з пушчалкі яму як сена. 21 Доўбня яму як сьцяблінка, і сьмяецца ён з дзіды, што ляціць. 22 Пад ім вострыя камяні, і ён на вострых камянях ляжыць як у балоце. 23 Ён глыбіню водаў разаграе як кацёл, і мора ператварае ў кіпень. 24 За сабой пакідае сьветлую сьцежку, і бездань падаецца сівізною. 25 Няма яму роўнага на зямлі, ён створаны бясстрашным. 26 На ўсё магутнае ён глядзіць з вышыні, ён — валадар над усімі сынамі пыхлівасьці». |