Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ЁВА 42 - Біблія (пераклад А.Бокуна)


Ёў 42

1 І адказаў Ёў ГОСПАДУ, і сказаў:

2 «Ведаючы, ведаю, што Ты ўсё можаш, і што намер Твой ня можа быць спынены.

3 Хто той, які хавае параду бяз веданьня? Сапраўды, я гаварыў, і не разумеў. Гэта рэчы, цудоўнейшыя за мяне, і я ня ведаю іх.

4 Паслухай, і я буду гаварыць. Запытаюся ў цябе, а Ты адкажы мне.

5 Раней я чуў пра Цябе толькі вухам, а цяпер вока маё ўбачыла Цябе.

6 Дзеля таго я выракаюся [словаў] маіх, і каюся ў пыле і попеле».

7 І сталася пасьля таго, як сказаў ГОСПАД гэтыя словы Ёву, сказаў ГОСПАД Эліфазу з Тэману: «Узгарэўся гнеў Мой на цябе і на двух сяброў тваіх, бо не гаварылі вы пра Мяне слушна, як слуга Мой Ёў.

8 І цяпер вазьміце сем бычкоў і сем бараноў, і пайдзіце да слугі Майго Ёва, і складзіце цэла­спаленьне за сябе. І слуга Мой Ёў памоліцца за вас. І Я ўзгляну на аблічча ягонае, і не зраблю вам благога, хоць вы не гаварылі пра Мяне слушна, як слуга Мой Ёў».

9 І пайшлі Эліфаз з Тэману, Більдад з Шуаху і Цафар з Наамы, і зрабілі так, як сказаў ім ГОСПАД. І ўзглянуў ГОСПАД на аблічча Ёва.

10 І вярнуў ГОСПАД страту Ёву, калі ён памаліўся за сяброў сваіх. І даў ГОСПАД Ёву ўдвая болей таго, што ён меў раней.

11 І прыйшлі да яго ўсе браты ягоныя, і ўсе сёстры ягоныя, і ўсе, хто раней ведаў яго, і елі з ім хлеб у доме ягоным, і спачувалі яму, і пацяшалі яго з прычыны няшчасьця, якое на яго спаслаў ГОСПАД. І кожны даў яму па адной кесыце і па адным залатым пярсьцёнку.

12 І дабраславіў ГОСПАД апошнія [дні] Ёва больш, чым папярэднія. І было ў яго чатырнаццаць тысячаў авечак і шэсьць тысячаў вярблюдаў, тысяча параў валоў і тысяча асьліцаў.

13 І было ў яго сем сыноў і тры дачкі.

14 І назваў ён імя першай — Еміма, імя другой — Кецыя, а імя трэцяй — Керэн-Гапух.

15 І не знайшлося на ўсёй зямлі такіх прыгожых жанчынаў, як дочкі Ёва. І даў ім бацька іхні спадчыну між братамі іхнімі.

16 І жыў Ёў пасьля таго сто сорак гадоў, і бачыў сыноў сваіх і сыноў сыноў сваіх аж да чацьвёртага пакаленьня.

17 І памёр Ёў стары і насычаны днямі.

Сачыце за намі:



Аб'явы