Біблія онлайн

Аб'явы

Усю біблію Стары Запавет Новы Запавет


ЯНА 6 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года) Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)
ЯНА 6

1 Пасля таго Ісус пайшоў праз мора Галілейскае, або Тыберыядскае.

2 І ішоў за Ім вялікі натоўп людзей, бо бачылі знакі, якія ўчыніў Ён над тымі, што былі немачныя.

3 Затым Ісус узышоў на гару і сядзеў там са Сваімі вучнямі.

4 І была блізка Пасха, святочны дзень юдэйскі.

5 Калі Ісус падняў вочы і ўбачыў, што вялікае мноства людзей ідзе да Яго, кажа Піліпу: «Дзе купім хлеба, каб маглі яны пад’есці?»

6 А казаў Ён гэта, каб выпрабаваць яго, бо Сам ведаў, што меў зрабіць.

7 Адказаў Яму Піліп: «Дзвесце дынараў не хопіць на хлеб для іх, каб кожны з іх атрымаў хоць крыху».

8 Кажа Яму адзін з вучняў Яго, Андрэй, брат Сімона Пётры:

9 «Ёсць тут адзін юнак, які мае пяць ячменных хлябоў і дзве рыбы, але што гэта на такое мноства?»

10 Сказаў Ісус: «Загадайце людзям узлегчы». А было на тым месцы многа травы. І вось узлегла мужчын каля пяці тысяч.

11 Тады Ісус узяў хлябы і, калі склаў падзяку, раздаў вучням, вучні ж – узлягаючым; падобна і рыбы, колькі хто хацеў.

12 А калі наеліся, кажа вучням Сваім: «Збярыце кавалкі, што засталіся, каб нічога не змарнавалася».

13 Дык сабралі кавалкі з пяці хлябоў ячменных і напоўнілі дванаццаць кашоў таго, што засталося па тых, што елі.

14 Людзі ж тыя, калі ўбачылі, што ўчыніў Ісус знак, казалі: «Сапраўды гэта прарок, які ідзе ў свет».

15 А Ісус, калі даведаўся, што меліся прыйсці, каб узяць Яго і ўчыніць Яго царом, адышоў ізноў Сам адзін на гару.

16 А калі звечарэла, вучні Яго спусціліся да мора

17 і, увайшоўшы ў лодку, паплылі праз мора ў Кафарнаўм. І ўжо сцямнела, а Ісус не прыходзіў да іх.

18 А мора пачало хвалявацца, бо дзьмуў моцны вецер.

19 Калі адплылі за дваццаць пяць або і трыццаць стадый, убачылі Ісуса, Які ішоў па моры і падыходзіў да лодкі, і спалохаліся.

20 Але Ён кажа ім: «Гэта Я, не бойцеся».

21 І хацелі ўзяць Яго ў лодку, а лодка зараз жа прыстала да берага, да якога яны плылі.

22 Назаўтра народ, які застаўся за морам, заўважыў, што не было там другой лодкі, толькі адна тая, у якую ўвайшлі вучні Яго, ды што Ісус не ўвайшоў у лодку са Сваімі вучнямі, але вучні Яго адплылі самі;

23 іншыя ж лодкі прыплылі з Тыберыяды да месца, дзе елі хлеб, над якім Госпад складаў падзяку.

24 Калі затым народ убачыў, што там няма Ісуса ані вучняў Яго, дык селі ў лодкі і прыплылі ў Кафарнаўм, шукаючы Ісуса.

25 І, калі знайшлі Яго за морам, сказалі Яму: «Рабі, калі Ты сюды прыйшоў?»

26 Адказаў ім Ісус і сказаў: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: шукаеце Мяне не таму, што вы бачылі знакі, але таму, што вы елі хлеб і наеліся.

27 Рупцеся не пра ежу, якая прападае, але пра ежу, якая застаецца ў жыццё вечнага, якое дасць вам Сын Чалавечы; бо на Ім паставіў пячатку Айцец Бог».

28 Сказалі тады Яму: «Што маем рабіць, каб выконваць справы Божыя?»

29 Адказаў Ісус і сказаў ім: «Гэта справа Божая, каб вы верылі ў Таго, Каго Ён паслаў».

30 Тады сказалі Яму: «Дык што за знак Ты учыніш, каб мы ўбачылі і паверылі Табе? Што Ты зробіш?

31 Бацькі нашы елі манну ў пустыні, як напісана: “Хлеб нябесны даў ім”».

32 Сказаў тады ім Ісус: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: не Майсей даў вам хлеб з неба, але Айцец Мой дае вам сапраўдны хлеб з неба.

33 Бо хлеб Божы ёсць Той, Які з неба сышоў і дае жыццё свету».

34 Затым сказалі Яму: «Госпадзе, давай нам заўсёды гэтага хлеба».

35 Сказаў ім Ісус: «Я – хлеб жыцця. Хто прыходзіць да Мяне, не будзе галодны, і хто верыць у Мяне, ніколі не засмагне.

36 Але Я сказаў вам, што і ўбачылі Мяне, і не верыце.

37 Усе, каго дае Мне Айцец, да Мяне прыйдуць, і таго, хто да Мяне прыходзіць, не праганю прэч.

38 Бо Я сышоў з неба, не каб Сваю волю чыніць, але волю Таго, Хто Мяне паслаў.

39 А воля Айца, Які Мяне паслаў, у тым, каб Я нікога не страціў з таго, што Ён Мне даў, але ўваскрасіў яго ў апошні дзень.

40 Гэта воля Таго, Хто паслаў Мяне, каб кожны, хто бачыць Сына і верыць у Яго, меў жыццё вечнае; і Я яго ўваскрашу ў апошні дзень».

41 Дык наракалі юдэі на Яго, што Ён сказаў: «Я – хлеб, які сышоў з неба»,

42 ды казалі: «Ці ж гэта не Ісус, Сын Язэпа, Якога бацьку і Маці ведаем? Як жа Ён кажа цяпер: “Я сышоў з неба”»?

43 Адказаў Ісус і сказаў ім: «Не наракайце адзін на аднаго.

44 Ніхто не можа прыйсці да Мяне, калі яго не пацягне Айцец, Які Мяне паслаў; і Я яго ўваскрашу ў апошні дзень.

45 Напісана ў прарокаў: “Будуць усе навучаны Богам”. Кожны, хто пачуў ад Айца і навучыўся, прыходзіць да Мяне.

46 І не таму, што нехта ўбачыў Айца, акрамя Таго, Хто ад Бога, Ён бачыў Айца.

47 Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто верыць у Мяне, мае жыццё вечнае.

48 Я – хлеб жыцця.

49 Бацькі вашы елі манну ў пустыні і паўміралі.

50 А гэта хлеб, які з неба сыходзіць, каб, калі хто з вас есці будзе, не памёр.

51 Я – хлеб жывы, які з неба сышоў. Калі хто будзе есці гэты хлеб, жыць будзе вечна; а хлеб, які Я дам, ёсць Цела Маё якое Я аддам за жыццё свету».

52 Дык спрачаліся юдэі між сабою, кажучы: «Як жа Ён можа нам даць цела Сваё на з’ядзенне?»

53 Сказаў затым ім Ісус: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі вы не будзеце есці цела Сына Чалавечага ды не будзеце піць крыві Яго, не будзеце мець жыцця ў сабе саміх.

54 Хто есць цела Маё і п’е кроў Маю, мае жыццё вечнае; і Я яго ўваскрашу ў апошні дзень.

55 Бо цела Маё ёсць сапраўдная ежа, а кроў Мая ёсць сапраўднае пітво.

56 Хто есць цела Маё ды п’е кроў Маю, ува Мне застаецца, а Я ў ім.

57 Як Мяне паслаў жывы Айцец, і Я жыву Айцом, так і той, хто есць Мяне, той будзе жыць Мною.

58 Гэты хлеб, які з неба сышоў, не так, як бацькі вашыя елі манну і паўміралі. Хто есць гэты хлеб, будзе жыць вечна».

59 Гэта Ён сказаў, навучаючы ў сінагозе ў Кафарнаўме.

60 Дык многія з вучняў Яго, чуючы гэта, сказалі: «Жорсткае гэта слова! Хто яго слухаць можа?»

61 А Ісус, ведаючы Сам у Сабе, што наракалі на гэта вучні Яго, сказаў ім: «Гэта вас горшыць?

62 А што ж будзе, калі ўбачыце Сына Чалавечага, Які ўзыходзіць туды, дзе перш быў?

63 Дух ёсць Той, Хто ажыўляе, цела ж нічым не дапаможа. Словы, якія Я вам сказаў, ёсць Дух і жыццё.

64 Аднак ёсць між вамі такія, што не вераць». Бо ведаў Ісус ад пачатку, хто тыя, што не вераць, і хто той, што Яго выдасць.

65 І казаў: «Дзеля таго і сказаў вам: ніхто не можа прыйсці да Мяне, калі яму не дадзена будзе Айцом Маім».

66 Адгэтуль многія вучні Яго вярнуліся назад ды ўжо з Ім не хадзілі.

67 І сказаў Ісус дванаццаці: «Ці і вы маніцеся адысці ад Мяне?»

68 Адказаў Яму Сімон Пётра: «Госпадзе, да каго ж мы пойдзем? Ты маеш словы жыцця вечнага;

69 мы ж уверылі і спазналі, што Ты – Хрыстос, Сын Бога жывога».

70 Адказаў ім Ісус: «Ці не дванаццаць вас Я выбраў? А адзін з вас д’ябал».

71 А гаварыў пра Юду Сімонава Іскарыёта: бо ён меўся Яго выдаць, хоць быў адным з дванаццаці.

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)