Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ЯНА 7 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 І пасля таго Ісус хадзіў па Галілеі, бо Ён не хацеў хадзіць па Юдэі, бо юдэі імкнуліся забіць Яго.

2 І быў паблізу юдэйскі святочны дзень палатак.

3 Сказалі затым Яму браты Яго: «Адыдзіся адгэтуль і ідзі ў Юдэю, каб і вучні Твае бачылі справы Твае, якія робіш.

4 Бо ніхто не робіць чаго-колечы тайна, а і сам хоча паказацца на людзях. Калі такія рэчы чыніш, пакажы Сябе свету».

5 Бо і браты Яго не верылі ў Яго.

6 Кажа ім тады Ісус: «Яшчэ не надышоў Мой час, а ваш час заўсёды ёсць гатовы.

7 Вас свет не можа ненавідзець, а Мяне ненавідзіць, бо Я сведчу аб ім, што яго ўчынкі ліхія.

8 Вы ідзіце на свята, а Я яшчэ не пайду на гэтае свята, бо час Мой яшчэ не споўніўся».

9 І, калі сказаў гэта ім, Сам застаўся ў Галілеі.

10 Але калі браты Яго адправіліся на свята, то і Ён пайшоў на свята, не яўна, але быццам употай.

11 А ў час свята шукалі Яго юдэі і казалі: «Дзе Ён?»

12 І шмат спрэчак пра Яго было ў натоўпе. Адны казалі: «Ён добры!»; а другія казалі: «Не, але зводзіць людзей».

13 Але ніхто не гаварыў пра Яго яўна дзеля страху перад юдэямі.

14 І ўжо а палове святочнага дня Ісус увайшоў у святыню і стаў навучаць.

15 А юдэі дзівіліся, кажучы: «Адкуль Ён ведае Пісанне, хаця не вучыўся?»

16 Дык адказаў ім Ісус і казаў: «Мая навука не Мая, але Таго, Хто Мяне паслаў.

17 Калі хто хоча выконваць волю Яго, той з навукі пазнае, ці яна ад Бога, ці Я Сам ад Сябе гавару.

18 Хто з сябе самога гаворыць, той сваёй славы шукае, але Хто шукае славы Таго, Хто Яго паслаў, Той праўдамоўны ды няма ў ім беззаконня.

19 Ці не Майсей даў вам закон? Але ніхто з вас не робіць па законе. Чаму імкнецеся Мяне забіць?»

20 Адказалі людзі, кажучы: «Дэмана маеш! Хто імкнецца Цябе забіць?»

21 Адказаў Ісус і сказаў ім: «Я зрабіў адну справу, а ўсе дзівіцеся.

22 Вось, Майсей перадаў вам абразанне, хоць яно не ад Майсея, але ад вашых продкаў, і вы абразаеце ў суботу чалавека.

23 Калі чалавек прымае абразанне ў суботу і не парушаецца закон Майсея, дык чаму злуецеся на Мяне, калі Я ўсяго чалавека аздаравіў у суботу?

24 Ды не судзіце па знешнасці, але судзіце справядлівым судом».

25 Дык некаторыя з ерузалімцаў казалі: «Ці гэта Той, Якога імкнуцца забіць?

26 Бо вось яўна прамаўляе, і нічога Яму не кажуць. Ці, можа, пераканаліся кіраўнікі, што Ён – сапраўды Хрыстос?

27 Але мы ведаем Яго, адкуль Ён родам, а калі прыйдзе Хрыстос, ніхто не ведае, адкуль Ён прыйдзе».

28 А Ісус, навучаючы ў святыні, усклікнуў, кажучы: «І Мяне ведаеце, і ведаеце, адкуль Я есць. І Я Сам ад Сябе не прыйшоў, але праўдзівы Той, Хто Мяне паслаў, а Якога вы не ведаеце.

29 А Я ведаю Яго, бо Я ад Яго есць, і Ён Мяне паслаў».

30 Дык імкнуліся Яго ўзяць, але ніхто не падняў на Яго рукі, бо яшчэ не прыйшла Яго гадзіна.

31 І многія з грамады паверылі ў Яго, і яны казалі: «Ці ж, калі Хрыстос прыйдзе, болей знакаў учыніць, чым Ён учыніў?»

32 А калі фарысеі пачулі, што людзі так пра Яго гавораць, дык паслалі фарысеі і першасвятары паслугачоў, каб Яго ўзяць.

33 Сказаў тады Ісус ім: «Кароткі толькі час буду з вамі і пайду да Таго, Хто Мяне паслаў.

34 Будзеце Мяне шукаць і не знойдзеце, і, дзе Я ёсць, вы туды не можаце прыйсці».

35 Дык сказалі юдэі адзін аднаму: «Куды ж Ён пойдзе, што мы Яго не знойдзем? Няўжо Ён пойдзе ў расцярушанне да грэкаў ды будзе грэкаў навучаць?

36 Што ж гэта за слова, якое сказаў: “Шукаць Мяне будзеце і не знойдзеце”, ды: “Туды, дзе Я, вы не можаце прыйсці”?»

37 А ў апошні вялікі дзень свята стаў Ісус і ўсклікнуў, кажучы: «Калі хто смагне, хай прыходзіць да Мяне і п’е;

38 хто верыць у Мяне. Як кажа Пісанне, рэкі жывой вады пацякуць з нутра яго».

39 А так казаў аб Духу, Якога мелі атрымаць тыя, што вераць у Яго. Бо не было яшчэ на іх Духа Святога, бо Ісус не быў яшчэ ўслаўлены.

40 І многія з тых людзей, калі пачулі гэтыя словы, казалі: «Гэта сапраўды прарок»;

41 іншыя ж казалі: «Гэта Хрыстос»; а яшчэ іншыя гаварылі: «Ці ж Хрыстос прыходзіць з Галілеі?

42 Ці ж Пісанне не сказала: “З роду Давіда, з селішча Бэтлехэм, адкуль быў Давід, прыходзіць Хрыстос”»?

43 І ўзнікла спрэчка наконт Яго ў натоўпе.

44 Дык некаторыя з іх хацелі Яго ўзяць, але ніхто не падняў на Яго рукі.

45 Прыйшлі затым паслугачы да першасвятароў і фарысеяў, і тыя сказалі ім: «Чаму вы Яго не прывялі?»

46 Паслугачы адказалі: «Ніколі чалавек так не гаварыў, як гэты Чалавек».

47 Дык адказалі ім фарысеі: «Ці і вы Ім зведзены?

48 Ці ўверыў у Яго хоць хто з начальнікаў або фарысеяў?

49 А гэты натоўп, які не ведае закону, пракляты».

50 Кажа ім Нікадэм, той, што прыйшоў да Яго ўначы і што быў адным з іх:

51 «Ці ж закон наш асуджае чалавека, перш чым яго не паслухае і не спазнае, што ён робіць?»

52 Адказалі яму і сказалі: «Ці і ты не з Галілеі? Даследуй і пабач, што прарок не паўстае з Галілеі».

53 Ды вярнуліся кожны ў свой дом.

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы