1 Калі затым Госпад даведаўся, што фарысеі чулі, што Ісус здабывае больш вучняў і больш хрысціць, чым Ян, – 2 хоць Сам Ісус не хрысціў, але вучні Яго, – 3 дык пакінуў Юдэю і вярнуўся зноў у Галілею. 4 А выпала Яму ісці праз Самарыю. 5 Прыйшоў тады ў самарыцянскі горад Сіхар, непадалёк ад паселішча, якое даў Якуб Язэпу, свайму сыну; 6 і была там крыніца Якуба. І Ісус, змучаны дарогай, сядзеў пры крыніцы; было каля шостай гадзіны. 7 У той час прыйшла жанчына з Самарыі браць ваду. Кажа ёй Ісус: «Дай мне напіцца»; 8 бо вучні Яго пайшлі ў горад, каб купіць ежы. 9 Кажа тады Яму жанчына самарыцянка: «Як жа Ты, юдэй, просіш вады ў мяне, самарыцянкі?» Бо юдэі не маюць зносін з самарыцянамі. 10 Адказаў Ісус і сказаў ёй: «Калі б ты ведала дар Божы ды Хто ёсць Той, Хто цябе просіць: “Дай мне піць”, ты, напэўна, прасіла б Яго, і Ён даў бы табе жывой вады». 11 Кажа Яму жанчына: «Госпадзе, не маеш нават чым зачэрпаць, а студня глыбокая; адкуль тады маеш жывую ваду? 12 Ці ж Ты большы за бацьку нашага Якуба, які нам даў гэтую студню, з якой сам піў, і сыны яго, і скаціна яго?» 13 Адказаў ёй Ісус і сказаў: «Кожны, хто п’е гэтую ваду, зноў смагнуць будзе; 14 а хто нап’ецца вады, якую Я яму дам, ужо не будзе смагнуць навекі, але вада, якую Я яму дам, станецца ў ім крыніцай вады, што бруіцца ў жыццё вечнае». 15 Кажа Яму жанчына: «Госпадзе, дай мне гэтае вады, каб я не адчувала смагі, ды не прыходзіла сюды за вадой». 16 Кажа ёй Ісус: «Ідзі, пакліч мужа свайго і прыйдзі сюды». 17 Адказала жанчына і сказала Яму: «Я не маю мужа». Кажа ёй Ісус: «Добра ты сказала: “Я не маю мужа”, 18 бо мела ты пяць мужоў, а гэты, якога цяпер маеш, не ёсць твой муж. Гэта ты праўду сказала». 19 Кажа Яму жанчына: «Госпадзе, бачу, што Ты – прарок. 20 Бацькі нашы на гэтай гары пакланяліся, а вы кажаце, што ў Ерузаліме месца, дзе належыць пакланяцца». 21 Кажа ёй Ісус: «Павер Мне, жанчына, што надыходзіць час, калі ані на гэтай гары, ані ў Ерузаліме будзеце пакланяцца Айцу. 22 Вы пакланяецеся таму, чаго не ведаеце; а мы пакланяемся таму, што ведаем, бо ад юдэяў збаўленне. 23 Але надыходзіць час, ды ўжо надышоў, што праўдзівыя паклоннікі будуць пакланяцца Айцу ў Духу і ў праўдзе, бо і Айцец шукае такіх, што паклоняцца Яму. 24 Бог ёсць Дух, і тыя, што пакланяюцца Яму, павінны пакланяцца ў Духу і ў праўдзе». 25 Кажа Яму жанчына: «Ведаю, што прыйдзе Месія, значыць Хрыстос; калі Ён прыйдзе, усё нам аб’явіць». 26 Кажа ёй Ісус: «Гэта Я, Той, Які з табою размаўляе». 27 Неўзабаве прыйшлі вучні Яго і дзівіліся, што Ён размаўляе з жанчынаю; але ніхто не сказаў: «Пра што пытаеш?» або «Пра што з ёй гаворыш?» 28 Жанчына ж пакінула збанок свой і паспяшыла ў горад, і кажа тым людзям: 29 «Ідзіце і пабачце Чалавека, Які мне сказаў усё, што я толькі зрабіла; ці гэта не Сам Хрыстос?» 30 Дык выйшлі з горада і пайшлі да Яго. 31 Тым часам вучні прасілі Яго, кажучы: «Рабі, еж». 32 Але Ён сказаў ім: «Я маю ежу, пра якую вы не ведаеце». 33 Казалі тады вучні між сабой: «Няўжо нехта прынёс Яму есці?» 34 Кажа ім Ісус: «Мая ежа – каб выконваць волю Таго, Хто паслаў Мяне, і каб скончыць справу Яго. 35 Ці ж вы не кажаце: “Яшчэ чатыры месяцы, і пачнецца жніво”? Вось, кажу вам: падыміце вочы вашы і паглядзіце на прасторы, якія яны ўжо белыя да жніва. 36 Ужо жнец атрымоўвае плату і збірае плод на жыццё вечнае, каб і сейбіт, і жнец разам радаваліся. 37 І гэтым спраўджваецца слова: адзін сее, а іншы збірае. 38 Я паслаў вас жаць тое, над чым вы не працавалі; іншыя працавалі, а вы ўвайшлі ў працу іх». 39 І многа самарыцянаў з горада таго паверыла ў Яго дзеля слоў жанчыны, якая сведчыла: «Ён мне сказаў усё, што я толькі зрабіла». 40 І, калі да Яго прыйшлі самарыцяне, прасілі Яго, каб у іх пабыў; дык прабыў Ён там два дні. 41 Ды многа болей уверыла дзеля слоў Яго. 42 Жанчыне ж казалі: «Ужо не дзеля твайго аповеду верым; але дзеля таго, што пачулі і ведаем, што Ён – сапраўды Збаўца свету, Хрыстос». 43 А па двух днях пайшоў Ён адтуль у Галілею; 44 хоць Сам Ісус сведчыў, што прарок не мае пашаны ў сваёй бацькаўшчыне. 45 Калі затым прыйшоў у Галілею, галілейцы прынялі Яго, бо бачылі ўсё, што Ён ўчыніў у Ерузаліме ў дзень свята; бо і яны прыходзілі на свята. 46 Ісус ізноў прыйшоў у Кану Галілейскую, дзе зрабіў ваду віном. І быў там нейкі ўрадовец, якога сын хварэў у Кафарнаўме; 47 ён, калі пачуў, што Ісус з Юдэі прыйшоў у Галілею, пайшоў да Яго і прасіў Яго, каб прыйшоў і аздаравіў сына яго; а ён ужо канаў. 48 Сказаў яму Ісус: «Калі не ўбачыце знакаў і цудаў, не паверыце». 49 Кажа Яму ўрадовец: «Госпадзе, прыйдзі перш, чым сын мой памрэ». 50 Кажа яму Ісус: «Ідзі. Сын твой жыве». Паверыў той чалавек слову, якое яму сказаў Ісус, і пайшоў. 51 А калі быў яшчэ ў дарозе, паслугачы яго выйшлі насустрач яму, каб сказаць, што сын яго жыве. 52 Спытаўся іх тады пра пару, у якую яму палягчэла. Дык сказалі яму: «Учора а сёмай гадзіне спынілася ў яго гарачка». 53 Дык даведаўся бацька, што гэта быў той час, у які сказаў яму Ісус: «Сын твой жыве», і паверыў ён ды ўвесь дом яго. 54 І гэты другі знак учыніў Ісус, калі прыйшоў з Юдэі ў Галілею. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)