1 Псальм Давідаў. На ўспамін. 2 Госпадзе, не ўшчувай мяне ў абурэнні Тваім і не карай мяне ў гневе Тваім. 3 Бо стрэлы Твае працялі мяне і апусцілася на мяне рука Твая, 4 няма нічога здаровага ў маім целе праз гнеў Твой, няма супакою касцям маім праз грахі мае, 5 бо правіннасці мае вышэй галавы маёй узняліся, прыгнятаюць яны мяне вельмі, быццам вялікі цяжар. 6 Сасмярдзелі і нагнаіліся раны мае праз дурноту маю. 7 Сагнуты і прыгнечаны я надзвычайна, цэлы дзень хадзіў засмучаны. 8 Бо крыжавіна мая напоўнілася ліхаманкай, і няма нічога здаровага ў маім целе. 9 Прыгнечаны і прыніжаны я надзвычайна, роў я ад трымцення сэрца майго. 10 Госпадзе, перад Табою ўся жальба мая, і ўздыханне маё не ўтоена ад Цябе. 11 Затрапяталася сэрца маё, пакінула мяне сіла мая; святло вачэй маіх — і таго няма са мною. 12 Прыяцелі мае і блізкія мае сталі наводдаль ад пакутаў маіх, а сваякі мае сталі здалёк. 13 І расставілі пасткі тыя, што шукалі душу маю, а тыя, што вельмі жадалі мне ліха, прамаўлялі падступнае і цэлы дзень планавалі хітрасці. 14 А я, быццам глухі, не чую і, як нямы, не адкрываю вуснаў сваіх. 15 І зрабіўся я, быццам чалавек, які не чуе і не мае ў вуснах сваіх апраўданняў. 16 У Табе бо, Госпадзе, надзею маю, Ты выслухаеш, Госпадзе, Божа мой. 17 Дык вось я кажу: «Хай не пацяшаюцца з мяне, калі хістаюцца ногі мае, хай не ўзвышаюць сябе перада мной». 18 Я ўжо магу хутка зваліцца, і боль мой заўжды перада мной. 19 Дык і прызнаюся ў сваёй правіннасці і з прычыны граху майго я ўстрывожыўся. 20 Але непрыяцелі мае жывуць, і яны сталі дужэйшымі, і памножыліся тыя, што ненавідзяць мяне несправядліва. 21 І тыя, што ліхам адплачваюць за дабро, нападаюць на мяне, бо іду я следам за дабром. 22 Не пакідай мяне, Госпадзе, Божа мой, не адступайся ад мяне, 23 спяшайся мне на дапамогу, Госпадзе, Збаўца мой. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)