ПСАЛТЫР 39 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Кіраўніку хору. Ідытун. Псальм Давідаў. 2 Я буду пільнаваць дарогі мае, каб не правініцца языком маім; пастаўлю я ахову вуснам маім, пакуль грэшнік стаіць перада мной. 3 Я знямеў у маўчанні і не гаварыў нават пра дабро, і пакута мая аднавілася. 4 Разгарэлася ўва мне сэрца маё; і ў роздумах маіх запалаў агонь. 5 Загаварыў я языком сваім: «О, Госпадзе, дай мне пазнаць канец свой і які лік дзён маіх, каб усвядоміць, наколькі кароткае жыццё маё». 6 Вось жа вызначыў Ты дні мае на некалькі корхаў, і прамежак жыцця майго — нішто прад Табою. Бо кожны чалавек — як суцэльная марнасць. 7 Бо быццам цень праходзіць чалавек. Бо марна мітусіцца ён; збірае скарб і не ведае, хто атрымае яго. 8 А цяпер чаго я чакаю, Госпадзе? Надзея мая — у Табе. 9 Вырві мяне ад усіх правіннасцей маіх, не выстаўляй мяне на пасмешышча неразумнаму. 10 Анямеў я і не адкрыю вуснаў маіх, бо Ты так учыніў. 11 Здымі з мяне пакаранне Тваё, гіну я ад удару рукі Тваёй. 12 Ушчуваннем за правіннасць пакараў Ты чалавека і ўчыніў так, што змарнелі, быццам ад молі, усе памкненні яго. Бо марнасць — кожны чалавек. 13 Выслухай маленне маё, Госпадзе, лямантаванне маё ўспрымі вушамі. Не будзь глухім да слёз маіх, бо я — прыхадзень у Цябе, вандроўнік, як усе продкі мае. 14 Адступі ад мяне, каб я перадыхнуў перад тым, як адыду і больш мяне не будзе. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)