Біблія онлайн

Аб'явы

Усю біблію Стары Запавет Новы Запавет


МАЦЬВЕЯ 28 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года) Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)
МАЦЬВЕЯ 28

1 А позна пасля суботы, на досвітку першага дня ад суботы прыйшла Марыя Магдалена і другая Марыя паглядзець магілу.

2 І вось, страшна затрэслася зямля; бо Анёл Госпадаў сышоў з неба, і, падышоўшы, адваліў камень ад дзвярэй, і сядзеў на ім.

3 А выгляд яго быў – як маланка, і адзенне яго – як снег белае.

4 Ад страху перад ім затрымцелі вартаўнікі і сталі, як мёртвыя.

5 А Анёл, адказваючы, сказаў жанчынам: «Не бойцеся; бо ведаю, што вы шукаеце Ісуса, Які быў укрыжаваны.

6 Няма Яго тут, бо Ён уваскрос, як сказаў. Ідзіце і паглядзіце на месца, дзе Госпад быў пакладзены.

7 Ды хутчэй ідзіце, скажыце вучням Яго: “Ён уваскрос з мёртвых і, вось, раней вас ідзе ў Галілею; там Яго ўбачыце”. Вось, я сказаў вам».

8 І, выйшаўшы хутка з магілы, са страхам і вялікаю радасцю пабеглі яны, каб паведаміць вучням Яго.

9 І калі яны ішлі апавясціць вучняў Яго, вось, Ісус сустрэў іх, кажучы: «Радуйцеся!» Яны ж падышлі, і ўпалі да ног Яго, і пакланіліся Яму.

10 Тады гаворыць ім Ісус: «Не бойцеся. Ідзіце, абвясціце братам Маім, каб пайшлі ў Галілею, і там Мяне ўбачаць».

11 А калі яны адышлі, вось, некаторыя з вартаўнікоў прыйшлі ў горад і паведамілі першасвятарам пра ўсё, што здарылася.

12 Тыя ж сабраліся са старэйшынамі і, учыніўшы раду, далі жаўнерам даволі грошай,

13 кажучы: «Паведамляйце: “Вучні Яго прыйшлі ноччу і выкралі Яго, пакуль мы спалі”.

14 А калі пра гэта дачуецца правіцель, мы яго пераканаем і пазбавім вас пакарання».

15 Яны тады, узяўшы грошы, зрабілі, як іх навучылі. І пашырылася слова гэтае сярод юдэяў аж да сённяшняга дня.

16 А адзінаццаць вучняў пайшлі ў Галілею, на гару, куды ім загадаў Ісус.

17 І, убачыўшы Яго, пакланіліся Яму; а некаторыя сумняваліся.

18 Ісус жа, падышоўшы да іх, загаварыў, кажучы: «Дадзена Мне ўся ўлада на небе і на зямлі.

19 Дык ідзіце і навучайце ўсе народы, хрысцячы іх у імя Айца, і Сына, і Святога Духа,

20 навучаючы іх выконваць усё, што Я вам перадаў. І вось, Я з вамі ва ўсе дні аж да сканчэння веку». Амін.

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)