МАРКА 1 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Пачатак Евангелля Ісуса Хрыста, Сына Божага. 2 Як напісана ў Ісаі прарока: «Вось жа, Я пасылаю Анёла Майго перад абліччам Тваім, які прыгатуе дарогу Тваю перад Табой. 3 Голас таго, хто кліча ў пустыні: “Прыгатуйце дарогу Госпаду, прастуйце сцежкі Яму”». 4 З’явіўся Ян у пустыні, хрысцячы і абвяшчаючы хрост навяртання дзеля адпушчэння грахоў. 5 І прыходзіла да яго ўся краіна Юдэйская і ўсе ерузалімцы, і, вызнаючы грахі свае, былі ім хрышчаны ў рацэ Ярдан. 6 Ян жа быў апрануты ў вярблюджы волас ды падпяразаны скураной дзяжкай па сваіх сцёгнах і еў саранчу і дзікі мёд. 7 І навучаў ён, кажучы: «Ідзе за мной дужэйшы за мяне, Якому я не варты, пакланіўшыся, развязаць рамень пасталоў Яго. 8 Я хрышчу вас вадой, а Ён будзе хрысціць вас Духам Святым». 9 І сталася: у тыя дні прыйшоў Ісус з Назарэта Галілейскага і быў ахрышчаны Янам у Ярдане. 10 І, як толькі выходзіў з вады, убачыў адкрытыя нябёсы ды Духа, як голуба, што сыходзіў на Яго. 11 І азваўся голас з неба: «Ты – Сын Мой улюбёны, упадабаў Я Цябе». 12 І зараз вядзе Яго Дух у пустыню. 13 І Ён прабыў у пустыні сорак дзён, і выпрабоўваўся шатанам; і жыў побач са звярамі, і анёлы паслугавалі Яму. 14 А пасля таго, як Ян быў узяты, прыбыў Ісус у Галілею, прапаведуючы добрую вестку Валадарства Божага 15 і кажучы: «Споўніўся час, і наблізілася Валадарства Божае. Навярніцеся і верце Евангеллю!» 16 І, праходзячы каля мора Галілейскага, убачыў Сімона і брата яго Андрэя, што закідалі сеткі ў мора; бо былі яны рыбаловамі. 17 І сказаў ім Ісус: «Ідзіце за Мной, і Я зраблю вас лаўцамі людзей». 18 І адразу, пакінуўшы сеткі свае, яны пайшлі за Ім следам. 19 І, адышоўшыся адтуль недалёка, убачыў Якуба Зебядзеева і Яна, брата яго, калі яны парадкавалі сеткі свае ў лодцы. 20 І зараз паклікаў іх. І яны, пакінуўшы ў лодцы бацьку свайго Зебядзея з нанятымі работнікамі, пайшлі за Ім. 21 І ўваходзяць у Кафарнаўм. І адразу ў суботу, увайшоўшы ў сінагогу, стаў навучаць. 22 І ўсе дзівіліся з Яго навукі, бо вучыў іх, як Той, Хто мае ўладу, а не як кніжнікі. 23 І акурат у сінагозе быў чалавек, апанаваны духам нячыстым, і крычаў, 24 кажучы: «Што Табе да нас, Ісус з Назарэта? Прыйшоў загубіць нас? Ведаю, Хто Ты: Святы Божы». 25 Але прыгразіў яму Ісус, кажучы: «Замаўчы і выйдзі з яго!» 26 І нячысты дух, скалануўшы яго і крычучы моцным голасам, выйшаў з яго. 27 І задзівіліся ўсе, ды пыталіся адзін аднаго, кажучы: «Што гэта такое? Ды што за навука гэта новая з уладаю, што загадвае нячыстым духам, і яны слухаюцца Яго?» 28 І хутка разышлася чутка пра Яго па ўсёй Галілейскай краіне. 29 І адразу, выйшаўшы з сінагогі, прыбылі з Якубам і Янам ў дом Сімона і Андрэя. 30 Цешча ж Сімона ляжала ў гарачцы, і адразу кажуць Яму пра яе. 31 І, падышоўшы, Ісус падняў яе, узяўшы за руку, і [адразу] пакінула яе гарачка, і яна паслугавала ім. 32 А калі сонца ўжо зайшло і настаў вечар, прыносілі да Яго ўсіх нямоглых і апанаваных дэманамі; 33 і так увесь горад сабраўся перад дзвярамі. 34 І аздаравіў многіх, якіх розныя хваробы мучылі, і многіх дэманаў выгнаў, ды не дазваляў дэманам гаварыць, што яны ведалі Яго. 35 І досвіткам, вельмі рана ўстаўшы, выйшаў і падаўся ў пустыннае месца і там маліўся. 36 Сімон жа ды тыя, што з Ім былі, пайшлі за Ім. 37 І, калі знайшлі Яго, кажуць Яму: «Усе Цябе шукаюць». 38 А Ён кажа ім: «Пойдзем у бліжэйшыя паселішчы, каб і там вясціць; бо Я дзеля таго прыйшоў». 39 Ды навучаў у сінагогах па ўсёй Галілеі і выганяў дэманаў. 40 І прыступіўся да Яго пракажоны, і маліў Яго, упаўшы на калені, кажучы Яму: «Калі хочаш, можаш мяне ачысціць». 41 І Ісус пашкадаваў яго, і, працягнуўшы руку Сваю, дакрануўся да яго, і гаворыць яму: «Хачу, будзь ачышчаны». 42 І, калі Ён сказаў, адразу сышла з яго праказа, і ён ачысціўся. 43 І, пагразіўшы яму, адправіў яго адразу, 44 кажучы: «Глядзі, нікому нічога не кажы, але ідзі, пакажыся святару і за ачышчэнне сваё складзі ахвяру, як загадаў Майсей на сведчанне ім». 45 Але ён, адышоўшы, пачаў шмат распавядаць ды шырыць слаўную чутку так, што ўжо Ён не мог адкрыта пайсці ў горад, але быў звонку ў бязлюдных мясцінах. І адусюль сыходзіліся да Яго. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)