1 І прамовіў Госпад да Майсея, гаворачы: 2 «У першы дзень першага месяца паставіш скінію, палатку сустрэчы, 3 і паставіш у ёй каўчэг сведчання, накрый яго пакрывалам; і, калі 4 ўнясеш стол, пакладзі на яго тое, што прадпісана па традыцыі, падсвечнік хай стаіць з лямпамі сваімі 5 і залаты ахвярнік для каджэння хай стаіць перад каўчэгам сведчання, і памясці пакрывала пры ўваходзе ў скінію, 6 а ахвярнік цэласпалення — перад палаткай сустрэчы, 7 і пастаў таз між палаткай сустрэчы і ахвярнікам, і напоўні яго вадою. 8 І акружы панадворак пакрываламі, і размясці пакрывала ў браме яго. 9 І, узяўшы алею намашчэння, памажаш скінію і ўсё, што ў ёй, і асвяці яе з яе пасудзінамі, і будзе яна святыняй. 10 Памаж таксама ахвярнік цэласпалення і ўсе яго пасудзіны, і асвяці ахвярнік, і будзе ён святым з святых. 11 І памажаш таз з падножжам яго, і асвяці яго. 12 І прывядзі Аарона і яго сыноў да ўваходу ў палатку сустрэчы; абмытых вадою, 13 апрані Аарона ў святыя шаты, намасці і пасвяці яго, каб служыў Мне святаром. 14 Прывядзі сыноў яго, і апрані ў шаты, 15 і намасці іх, як намасціў іх бацьку, каб служылі яны Мне святарамі, і намашчэнне іх будзе ім у вечнае святарства ў іх пакаленнях». 16 І Майсей зрабіў усё, як яму загадаў Госпад; так і зрабіў. 17 Такім чынам, у першы месяц другога года, у першы дзень месяца паставілі скінію. 18 І паставіў яе Майсей, і паклаў падножжы, і дошкі, і жэрдкі, і слупы паставіў, 19 і разбіў палатку над скініяй, накрыўшы яе пакрыццем зверху, як загадаў Госпад Майсею. 20 Ён узяў сведчанне і паклаў яго ў каўчэг, і, прасунуўшы скрозь жэрдкі, накрыў зверху перамольняй. 21 І, калі ўнёс каўчэг у скінію, ён павесіў перад ім пакрывала, як загадаў Госпад Майсею. 22 Паставіў і стол у палатцы сустрэчы на паўночным баку скініі перад пакрывалам, 23 разлажыўшы перад абліччам Госпада па парадку хлябы пакладныя, як загадаў Госпад Майсею. 24 Паставіў і падсвечнік у палатцы сустрэчы насупраць стала ў паўднёвай частцы, 25 размясціўшы лямпы па парадку, як загадаў Госпад Майсею. 26 Паставіў і залаты ахвярнік у палатку сустрэчы перад перамольняй, 27 і на ім спаліў кадзіла з вострых духмяных рэчаў, як загадаў Госпад Майсею. 28 Размясціў і пакрывала ля ўваходу ў скінію, 29 і ахвярнік цэласпалення паставіў перад уваходам у скінію, у палатку сустрэчы, ахвяруючы на ім цэласпаленне і ахвяру, як загадаў Госпад Майсею. 30 Паставіў таксама таз між палаткай сустрэчы і ахвярнікам, напоўніўшы яго вадою; 31 і мылі ў ім рукі і ногі свае Майсей, Аарон і сыны яго, 32 калі ўваходзілі ў палатку сустрэчы і набліжаліся да ахвярніка, як загадаў Госпад Майсею. 33 Паставіў ён і панадворак вакол скініі і ахвярніка, пры яго ўваходзе павесіўшы пакрывала. Такім чынам, Майсей закончыў работу. 34 І воблака накрыла скінію разам з палаткай сустрэчы, і слава Госпада напоўніла скінію. 35 І не мог Майсей увайсці ў палатку сустрэчы, бо спачывала на ёй воблака, і слава Госпада напоўніла скінію. 36 Калі воблака падымалася над палаткай, сыны Ізраэля пускаліся ў дарогу ва ўсякіх абставінах; 37 а калі воблака не падымалася, не пускаліся яны ў дарогу аж да дня, пакуль не падымалася воблака. 38 Бо ўдзень пакрывала скінію воблака Госпада, а ўночы свяціла, быццам бляск агню, на вачах усяго дома Ізраэля ў час усіх іх вандровак. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)