1 Чалавек, які з цвёрдай шыяй пагарджае абвінавачваннямі, — раптам будзе знішчаны, і без вылячэння. 2 З памнажэння справядлівых узвесяліцца народ; а ў валадаранне бязбожніка народ будзе стагнаць. 3 Чалавек, які любіць мудрасць, радуе бацьку свайго; а хто корміць распуснікаў — згубіць маёмасць. 4 Цар у справядлівасці ўзвышае дзяржаву; чалавек, што прымае падарункі, разбурыць яе. 5 Хто ліслівіць падманна блізкаму, ставіць сіло на ногі яго. 6 У граху несправядлівы чалавек захопліваецца пасткай, а справядлівы ўзрадуецца і ўзвесяліцца. 7 Справядлівы ведае справу бедных, а бязбожнік не мае ведаў. 8 Людзі небяспечныя горад раз’ядноўваюць, а мудрыя — утаймоўваюць абурэнне. 9 Мудры чалавек, калі паспрачаецца ў судзе з бязглуздым, — хай гневаецца ён, хай смяецца, — не знойдзе супакою. 10 Крыважэрныя ненавідзяць чыстасардэчнага; а справядлівыя рупяцца пра жыццё яго. 11 Бязглузды выяўляе ўвесь свой гнеў, а мудры ўціхамірвае яго. 12 Кіраўнік, калі ахвотна слухае словы маны, мае ўсіх слуг — бязбожнікаў. 13 Бедны сустракаецца з прыгнятальнікам, але Госпад дае святло для вачэй абаіх. 14 Цар, што па праўдзе судзіць бедных, — пасад яго будзе ўмацаваны назаўсёды. 15 Дубец і выкрыванне даюць мудрасць; а юнак, які пакідаецца на сваю волю, асаромлівае маці сваю. 16 У мностве бязбожнікаў будуць множыцца злачынствы, і справядлівыя ўбачаць іх пагібель. 17 Навучай свайго сына: ён і супакоіць цябе, і дасць асалоду душы тваёй. 18 Калі не хапае зроку, народ будзе раз’яднаны; шчасны, хто беражэ законнасць. 19 Словамі не можа быць навучаны слуга, бо разумее і пагарджае адказам. 20 Бачыў ты чалавека спрытнага ў размове? Неразумны будзе мець надзею больш за яго. 21 Хто гадуе з дзяцінства слугу свайго ў раскошы, той потым зведае яго жаданне стаць і сынам. 22 Гняўлівы чалавек узбуджае сваркі, а той, хто ахвочы на гнеў, будзе болей схільны да граху. 23 Пыхлівасць чалавека панізіць яго, а пакорлівы духам здабудзе славу. 24 Хто дзеліцца са злодзеем — ненавідзіць душу сваю; чуе ён праклён, але і не выказвае гэтага. 25 Страх перад чалавекам ставіць пастку, а хто ўскладае надзею на Госпада — будзе падтрыманы. 26 Многія шукаюць прыхільнасці кіраўніка, а суд для кожнага паходзіць ад Госпада. 27 Справядлівыя грэбуюць бязбожным чалавекам; а бязбожнікі грэбуюць тымі, хто на вернай дарозе. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)