Біблія онлайн

Аб'явы

Усю біблію Стары Запавет Новы Запавет


ВЫСЛОЎІ 14 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года) Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)
ВЫСЛОЎІ 14

1 Мудрая жонка будуе дом свой, а неразумная разбурыць яго сваімі рукамі.

2 Таго, хто ідзе вернай дарогай, адцураецца той, хто ідзе ганебным шляхам.

3 У вуснах бязглуздага — дубец пыхлівасці, а вусны мудрых берагуць іх.

4 Дзе няма быкоў, там стойла пустое; і шмат выгод — у моцы быка.

5 Праўдзівы сведка не лжэ, а хітры сведка пашырае хлусню.

6 Насмешнік шукае мудрасці і не знаходзіць, а для разважлівых веды даступныя.

7 Ад бязглуздага чалавека адыдзі, бо не знойдзеш вуснаў разважлівых.

8 Мудрасць разумнага — пазнанне свайго шляху, а неразумнасць бязглуздых — блуканне.

9 Бязглуздыя не звяртаюць увагі на грэх, а сярод справядлівых застанецца ласка.

10 Сэрца ведае гаркоту душы сваёй, і ў радасць яго не ўмяшаецца чужы.

11 Дом бязбожнікаў разваліцца, а хорамы справядлівых будуць расці.

12 Ёсць дарога, што здаецца чалавеку справядлівай, але ўрэшце рэшт вядзе яна да смерці.

13 Сэрца змешваецца з сумам нават у час смеху, а смутак захоплівае канец радасці.

14 Шляхамі сваімі будзе задаволены бязглузды, а чалавек добры будзе вышэй за іх.

15 Легкаверны верыць кожнаму слову, а разважлівы абдумвае крокі свае.

16 Мудры баіцца і пазбягае зла, а бязглузды злоўжывае і разлічвае на сябе.

17 Нецярплівы зробіць бязглуздасць, а чалавек хітры — нявідны.

18 Легкаверныя авалодваюцца бязглуздасцю, а разважлівыя вызначаюцца ведамі.

19 Ліхія схіляюцца перад добрымі, а бязбожнікі — перад дзвярамі справядлівых.

20 Бедны будзе нявідны нават для свайго самага блізкага, а ў багатых — шмат сяброў.

21 Хто адцураецца блізкага свайго — грашыць, а хто шкадуе бедных — шчасны.

22 Ці не блукаюць тыя, што чыняць ліха? Міласэрнасць і праўда — для тых, хто робіць дабро.

23 Ва ўсялякай працы будзе прыбытак, а слова вуснаў накіроўвае толькі да беднасці.

24 Вянок мудрых — іх багацце, а неразумнасць бязглуздых — глупства.

25 Верны сведка вызваляе душы, а крывадушнік — пашырае хлусню.

26 У шанаванні Госпада — цвёрдая ўпэўненасць, і сынам Яго будзе надзея.

27 Шанаванне Госпада — крыніца жыцця, што ўхіляецца ад путаў смерці.

28 У мностве народа — годнасць цара, у невялікай колькасці народа — пагібель валадара.

29 Хто цярплівы, тым кіруе вялікая разважлівасць; хто нецярплівы — павялічвае бязглуздасць.

30 Жыццё для цела — здароўе сэрца, зайздрасць — гніенне касцей.

31 Хто гоніць беднага — той упікае яго Творцу; шануе Яго той, хто шкадуе бедных.

32 Уласнай сапсаванасцю будзе забіты бязбожнік, а справядлівы спадзяецца на несапсаванасць сваю.

33 У сэрцы разважлівага знаходзіцца мудрасць, а сярод бязглуздых яна знойдзецца?

34 Справядлівасць узвышае народ, а несправядлівасць — грэх народаў.

35 Дапушчаны да цара — разумны слуга, а гнеў выклікае той, хто дзейнічае ганебна.

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)