Біблія онлайн

Аб'явы

Усю біблію Стары Запавет Новы Запавет


ІСУСА 2 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года) Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)
ІСУСА 2

1 Ешуа, сын Нуна, з Сэтыма паслаў патаемна двух выведчыкаў і сказаў ім: «Ідзіце і аглядайце зямлю і горад Ерыхон». Яны пайшлі, і ўвайшлі ў дом жанчыны распусніцы на імя Рахаб, і там затрымаліся.

2 І данеслі аб гэтым цару Ерыхонскаму, і сказалі: «Вось, людзі прыйшлі сюды ноччу ад сыноў Ізраэля, каб выведаць зямлю».

3 Дык цар Ерыхонскі паслаў да Рахаб, загадваючы: «Выведзі людзей, якія прыбылі да цябе і ўвайшлі ў твой дом, бо яны выведчыкі і прыбылі выведаць усю зямлю».

4 А жанчына ўзяла і схавала мужчын, і сказала: «Прызнаюся, прыбылі да мяне тыя людзі, але я не ведала, адкуль яны;

5 і калі ў поцемках зачынялася брама, то і яны разам выйшлі, я не ведаю, куды яны пайшлі. Бяжыце хутка за імі і зловіце іх».

6 Сама ж яна завяла іх на дах дома свайго і накрыла іх ільняною саломаю, якая там была.

7 Тыя ж, каго паслалі, пабеглі за імі дарогаю, якая ідзе да бродаў на Ярдане, і па іх адыходзе брама была зараз жа зачынена.

8 Яшчэ не заснулі тыя, што хаваліся, і вось, жанчына прыйшла да іх і сказала:

9 «Я ведаю, што Госпад аддаў вам гэтую зямлю, і жах перад вамі ахапіў нас, і ўсе жыхары зямлі самлелі перад вамі.

10 Бо чулі мы, што Госпад асушыў перад вамі воды Чырвонага мора, калі выйшлі вы з Егіпта, і што вы зрабілі двум царам амарэйскім, якія жылі за Ярданам: Сэгону і Огу, якіх вы забілі.

11 І, гэта чуючы, мы баімся, і млее сэрца наша, і займае дух нам дзеля вашага надыходу; бо Госпад, Бог ваш, Ён — Бог у небе высока і на зямлі нізка.

12 Такім чынам, цяпер прысягніце мне Госпадам, што як я вам аказала міласэрнасць, так і вы зробіце ласку сям’і бацькі майго і дасцё мне знак як заруку,

13 што захаваеце бацьку майго і маці, братоў і сясцёр маіх і ўсё, што ёсць у іх, і ўратуеце душы нашы ад смерці».

14 Яны адказалі ёй: «Мы за вас гатовы памерці, калі толькі нас не выдасі; калі Госпад аддасць нам гэтую зямлю, акажам табе міласэрнасць і вернасць».

15 Дык спусціла яна іх на вяроўцы з акна; бо дом яе прылягаў да мура гарадскога і яна як бы ў муры пражывала.

16 І сказала яна ім: «Ідзіце ў горы, каб часам не сустрэлі вас пераследнікі вашы, і там схаваецеся на тры дні, пакуль яны не вернуцца; і тады пойдзеце сваёю дарогаю».

17 Выведчыкі сказалі ёй: «Мы будзем чыстыя ад прысягі гэтай, якою звязала ты нас,

18 калі па нашым уваходзе ў гэтую зямлю не будзе гэта вяроўка з пурпуровых нітак табой прымацавана да акна, праз якое спусціла ты нас, і забяры ў дом свой бацьку свайго, і маці, і братоў, і ўвесь род свой.

19 Калі хто выйдзе з дзвярэй дома твайго, то кроў яго ўпадзе на яго галаву, і мы будзем не вінаваты, а кроў кожнага, хто ў доме з табой будзе заставацца, упадзе на нашу галаву, калі хто да яго дакранецца.

20 Бо калі не выканаеш гэтае абяцанне, мы будзем свабодны ад той прысягі, якой ты нас звязала».

21 І яна адказала: «Як вы сказалі, няхай так будзе». І, адпусціўшы іх у дарогу, яна павесіла пурпуровую вяроўку ў акне.

22 А выведчыкі пайшлі, і прыбылі ў горы, і там прабылі тры дні, аж пакуль не вярнуліся людзі, пасланыя на пошукі іх; бо яны, шукаючы па ўсёй дарозе, не знайшлі іх.

23 Вярнуліся два выведчыкі і сышлі з гары, і, пераправіўшыся праз Ярдан, прыбылі да Ешуа, сына Нуна, і расказалі яму ўсё, што здарылася з імі,

24 і дадалі: «Аддаў Госпад у рукі нашы ўсю гэтую зямлю, і ўсе жыхары яе млеюць у страху перад намі».

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)