ІСУСА 3 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 І вось, Ешуа, з ночы ўстаўшы, падняў лагер. І, выйшаўшы з Сэтыма, прыбылі яны на Ярдан; ён і ўсе сыны Ізраэля; і затрымаліся там перад пераправай. 2 Па трох днях прайшлі кіраўнікі праз лагер 3 і далі загад народу: «Калі ўбачыце каўчэг запавету Госпада, Бога вашага, і святароў з роду левіцкага, што нясуць яго, дык вы, устаўшы, ідзіце за ім. 4 Хай паміж вамі і каўчэгам будзе прастора каля двух тысяч локцяў, і не набліжайцеся да яго, каб вы ведалі, якою дарогаю ісці, бо раней вы гэтаю дарогай не хадзілі». 5 І сказаў Ешуа народу: «Асвяціцеся, бо заўтра выявіць Госпад пасярод вас цуды». 6 І сказаў святарам: «Вазьміце каўчэг запавету і ідзіце перад народам». Яны ўзялі і пайшлі перад народам. 7 І сказаў Госпад да Ешуа: «Сёння Я пачну ўзвышаць цябе перад усім Ізраэлем, каб ведалі яны, што як Я быў з Майсеем, так буду і з табой. 8 Ты ж загадай святарам, якія нясуць каўчэг запавету, і скажы ім: “Калі прыйдзеце на бераг ракі Ярдан, станеце ў Ярдане!”» 9 І сказаў Ешуа сынам Ізраэля: «Падыдзіце сюды і паслухайце словы Госпада, Бога вашага». 10 І зноў казаў Ешуа: «Па гэтым пазнаеце, што Бог жывы пасярод вас і што Ён прагоніць хананеяў, хетэяў, гівеяў, феразеяў, а таксама гергесеяў, амарэяў і евусеяў: 11 вось, каўчэг запавету Госпада ўсёй зямлі пяройдзе перад вамі праз Ярдан. 12 Выберыце дванаццаць мужчын з пакаленняў Ізраэля, па адным з кожнага пакалення; 13 і, як толькі святары, якія нясуць у водах Ярдана каўчэг Госпада, Бога ўсёй зямлі, пакінуць сляды ног сваіх, воды, якія цякуць унізе, сыйдуць, а тыя, што цякуць з гор, стануць адзінаю сцяною». 14 Дык народ вырушыў са сваіх палатак, каб пераправіцца праз Ярдан; і святары, якія неслі каўчэг запавету, ішлі перад народам. 15 Яны дайшлі аж да Ярдана, і, калі ногі святароў, якія неслі каўчэг, уступілі ў ваду, — а Ярдан у пару жніва напаўняў берагі свайго рэчышча, — 16 вада, што цякла зверху, затрымалася на адным месцы накшталт сцяны на вялікай адлегласці ад горада Адамы, які побач з Сартанам; а тая, што цякла ніжэй у мора Арабы, гэта значыць у мора Салёнае, сыходзіла, аж пакуль зусім не знікла. 17 А народ пераходзіў каля Ерыхона, і святары, якія неслі каўчэг запавету Госпада, стаялі на сухой зямлі пасярод Ярдана цвёрдаю нагою, аж пакуль увесь Ізраэль пераходзіў праз Ярдан па сухім рэчышчы. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)