Біблія онлайн

Аб'явы

Усю біблію Стары Запавет Новы Запавет


ЁВА 42 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года) Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)
ЁВА 42

1 У адказ Госпаду сказаў Ёў:

2 «Ведаю, што Ты усё можаш, і што ніякій намер Твой ня можа быць спынены.

3 Хто той, што хавае параду нямудрую? Вось чаму я гаварыў неразумна, дый пра дзівосныя рэчы, якія перавышалі веданне маё.

4 Паслухай, і я буду гаварыць. Запытаюся ў цябе, а Ты адкажы мне.

5 Раней чуў я пра Цябе толькі вухам, цяпер жа вока маё бачыць Цябе.

6 Дзеля таго я сам сябе абвінавачваю і адбываю пакуту ў пыле і попеле».

7 Пасля таго як сказаў Госпад гэтыя словы Ёву, Ён сказаў Эліфазу Тэманіту: «Узгарэўся гнеў мой на цябе і на двух тваіх прыяцеляў, бо не гаварылі вы перада Мною праўдзіва, як паслугач Мой, Ёў.

8 Вазьміце таму сем цялят і сем бараноў, і пайдзіце да Майго слугі Ёва, і складзіце за сябе ахвяру цэласпалення. А слуга Мой, Ёў, памоліцца за вас. Прыму яго аблічча, каб глупства не залічылася вам; бо вы не гаварылі да Мяне праўдзіва, як слуга Мой Ёў».

9 Дык пайшлі Эліфаз Тэманіт, Балдад Сугіт і Зафар Нааматыт і зрабілі так, як было сказана ім Госпадам. І прыняў Госпад аблічча Ёва.

10 І вярнуў Госпад страту Ёву, калі ён памаліўся за сваіх прыяцеляў. І даў Госпад Ёву ўдвая болей таго, што ён меў раней.

11 І прыйшлі да яго ўсе браты яго, і ўсе сёстры яго, і ўсе, хто раней яго ведаў, і елі з ім хлеб у яго доме, і ківалі над ім галавою, і пацяшалі яго з прычыны няшчасця, якое на яго саслаў Госпад. І кожны даў яму па аднаму срэбраніку і па адной залатой завушніцы.

12 І дабраславіў Госпад апошнія дні Ёва больш, чым папярэднія. І было ў яго чатырнаццаць тысяч авечак і шэсць тысяч вярблюдаў, тысяча пар валоў і тысяча асліц.

13 І было ў яго сем сыноў і тры дачкі.

14 І назваў ён першую Галубка, а другую Касія, а трэцюю — Сурмяны Рог.

15 І не знайсці было па ўсёй зямлі такіх прыгожых жанчын, як дочкі Ёва. І даў ім бацька іх спадчыну між братамі іх.

16 І жыў Ёў пасля таго сто сорак гадоў, і бачыў сваіх сыноў і сыноў сваіх сыноў аж да чацвёртага пакалення.

17 І памёр Ёў стары і насычаны днямі.

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)