1 У адказ сказаў Зафар Нааматыт: 2 «Таму разважанні мае зноў абуджаюць мяне, што разуменне заззяла ўва мне. 3 Павучанне, якім ты мяне папракнуў, я выслухаю, а дух разумення майго адкажа мне. 4 Ці не ведаеш ты гэтага ад пачатку, з часу, калі з’явіўся чалавек на зямлі, 5 што радасць несправядлівых кароткая і весялосць бязбожнікаў — быццам імгненне. 6 Калі пыха яго падымецца да неба, і галава яго дакранецца да хмар, 7 як гной, канчаткова прападзе ён, і якія бачылі яго, спытаюцца: “Дзе ён?” 8 Як сон, што адлятае, ён не знойдзецца, праміне ён, як начное марыва. 9 Вока, якое бачыла яго, ужо не ўбачыць, і яго месца больш не будзе глядзець на яго. 10 Сыны яго будуць імкнуцца спадабацца ўбогім, і рукі іх аддадуць яму маёмасць яго. 11 Косці яго, што былі поўныя [сілы] маладосці, разам з ім будуць спаць у парахне. 12 Калі салодкае будзе ў вуснах яго зло, ён схавае яго пад языком сваім, 13 будзе ён шкадаваць яго, ды не кіне яго і будзе трымаць у горле сваім, 14 хлеб яго ва ўлонні яго пераменіцца ў жоўць змяіную знутры. 15 Багацці, якія ён праглынуў, званітуе, і выцягне іх Бог з жывата яго. 16 Піў ён атруту змяіную — і заб’е яго язык гадзюкі. 17 Не ўбачыць ён ручаёў алею, рэк мёду і масла. 18 Верне ён здабытак свой; не праглыне [яго], не будзе цешыцца з багаццяў ад продажу. 19 Бо, выдаткуючы, ён пакрыўдзіў убогіх, абрабаваў дом, а не збудаваў яго. 20 Ніколі не насычаўся жывот яго і ў жаданнях сваіх не мог ён здаволіцца. 21 Нічога не заставалася ад спажывання яго, і таму не застанецца нічога з маёмасці яго. 22 Калі ён наесца, цесна яму будзе, і ўсякая пакута будзе нападаць на яго. 23 Хай напоўніць ён жывот свой: спашле на яго Бог гнеў абурэння Свайго і вылье на яго вайну Сваю. 24 Будзе ўцякаць ён ад жалезнай зброі ды патрапіць пад медны лук. 25 Страла праб’е цела яго, а маланка — печань яго; прыйдуць да яго і апануюць яго жахі, 26 уся цемра, скрытая ў сховішчах яго; паглыне яго агонь, якога не запальваюць; будзе знішчаны ён, калі застанецца ў палатцы сваёй. 27 Нябёсы абвесцяць несправядлівасць яго, і зямля паўстане супраць яго. 28 Будзе знішчаны род дому яго, будзе зрынуты ён у дзень гневу Божага. 29 Такая доля чалавека бязбожнага ад Бога і спадчына, вызначаная яму Госпадам». |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)