Біблія онлайн

Аб'явы

Усю біблію Стары Запавет Новы Запавет


2 ЛЕТАПІСАЎ 10 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года) Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)
2 ЛЕТАПІСАЎ 10

1 Рабаам выбраўся ў Сіхэм, бо там сабраўся ўвесь Ізраэль, каб абраць яго царом.

2 Калі пра гэта пачуў Ерабаам, сын Набата, які прабываў у Егіпце, — бо туды ўцёк ад цара Саламона, — адразу ж вярнуўся з Егіпта;

3 паклікалі яго, і ён прыбыў з усім Ізраэлем, ды сказалі яны Рабааму:

4 «Твой бацька наклаў на нас вельмі цяжкае ярмо; ты палегчы тое, што прыказаў бацька твой, які наклаў на нас цяжкую няволю, ды трошкі паменшы цяжар, і будзем табе служыць».

5 Ён сказаў: «Праз тры дні вярніцеся да мяне». І калі народ адышоў,

6 цар Рабаам зрабіў нараду са старэйшынамі, якія былі дарадчыкамі бацькі яго Саламона, калі той яшчэ жыў, пытаючыся: «Якую дасце параду, каб адказаць народу?»

7 Тыя сказалі яму: «Калі падабацца будзеш гэтаму народу і змякчаць іх спагаднымі словамі, то будуць табе служыць увесь час».

8 Але ён пакінуў параду старэйшын і пачаў раіцца з юнакамі, якія выраслі разам з ім і былі ў яго атачэнні.

9 І сказаў ён ім: «Што вам здаецца або што маем адказаць народу гэтаму, які сказаў мне: “Палегчы ярмо, якое ўсклаў на нас бацька твой”»?

10 І юнакі, якія гадаваліся з ім, адказалі і сказалі: «Так скажаш народу, які казаў табе: “Бацька твой абклаў нас ярмом, ты палегчы”, — і так будзеш казаць ім: “Мой мезены палец грубейшы, чым сцёгны майго бацькі;

11 бацька мой наклаў на вас цяжкае ярмо, а я накладу большы цяжар; бацька мой біў вас бізунамі, а я буду вас біць скарпіёнамі”».

12 Такім чынам, трэцяга дня прыбыў Ерабаам ды ўвесь народ да Рабаама, як загадаў ім цар, кажучы: «Вярніцеся да мяне трэцяга дня».

13 Ды адказаў цар ім грозна, пакінуўшы параду старэйшын;

14 і сказаў ім па волі юнакоў: «Бацька мой наклаў на вас цяжкае ярмо, а я яшчэ цяжэйшае ўскладу. Бацька мой біў вас бізунамі, а я буду біць вас скарпіёнамі».

15 І не паслухаў ён просьбы народа. Бо было воляй Божай, каб споўнілася слова Яго, якое сказаў праз руку Ахіі Сіланіта да Ерабаама, сына Набата.

16 А ўвесь Ізраэль, бачачы, што цар не захацеў іх слухаць, сказаў яму: «Не маем мы нічога супольнага з Давідам, ані спадчыны з сынам Ясэя! Вяртайся ў свае палаткі, Ізраэлю! А ты, Давідзе, глядзі свой дом!» І вярнуўся Ізраэль у свае палаткі.

17 А Рабаам цараваў толькі над тымі ізраэльцамі, якія пражывалі ў гарадах Юдэі.

18 І калі цар Рабаам паслаў Адарама, які быў пастаўлены над нявольнікамі, дык сыны Ізраэля ўкаменавалі яго і ён памёр. Затым цар Рабаам паспешна сеў у калясніцу ды ўцёк у Ерузалім.

19 І Ізраэль адлучыўся ад дому Давіда аж па сённяшні дзень.

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)