2 ЛЕТАПІСАЎ 11 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Рабаам прыбыў у Ерузалім і склікаў усё пакаленне Юды і Бэньяміна — сто восемдзесят тысяч адборных ваяроў, каб ваяваць з Ізраэлем і вярнуць сабе сваю ўладу царскую. 2 І прамовіў Госпад да Сямэі, чалавека Божага, кажучы: 3 «Скажы Рабааму, сыну Саламонаву, цару Юдэі ды ўсяму Ізраэлю, які знаходзіцца ў Юдэі і Бэньяміне: 4 “Гэта кажа Госпад: “Не выходзьце і не ваюйце супраць братоў вашых. Хай кожны вернецца ў дом свой, бо гэта з Маёй волі сталася”». Калі яны пачулі слова Госпадава, вярнуліся і не пайшлі супраць Ерабаама. 5 А Рабаам абжыўся ў Ерузаліме ды адбудаваў мураваныя гарады ў Юдэі. 6 І адбудаваў Бэтлехэм, і Этам, і Тэкуа, 7 таксама Бэтсур, і Соху, і Адалам, 8 таксама Гет, і Марэсу, і Зіф, 9 таксама Адурам, і Лахіс, і Азэку, 10 Сараа таксама, і Аялон, і Геброн, гарады вельмі ўмацаваныя, што былі ў Юдэі і Бэньяміне. 11 І калі акружыў іх мурамі, паставіў у іх кіраўнікоў па харчаванні, і па аліўкавым алеі, і па віне. 12 Але і ў кожным такім горадзе ён зрабіў арсенал шчытоў, і дзід, і ўмацаваў іх з найвялікшай пільнасцю, і валадарыў над Юдэяй і Бэньямінам. 13 Святары ж і левіты, якія былі ва ўсім Ізраэлі, прыходзілі да яго з усіх сваіх пасяленняў. 14 Левіты пакідалі свае ваколіцы і ўладанні і пераходзілі да Юдэі і ў Ерузалім, бо Ерабаам і яго нашчадкі адпіхнулі іх ад святарства Госпадава. 15 Ён сам сабе паставіў святароў узгоркаў, і дэманаў, і цялят, якіх зрабіў. 16 А паслядоўнікі левітаў і з усіх пакаленняў Ізраэля, якія аддалі свае сэрцы на пошук Госпада, Бога Ізраэля, прыбывалі ў Ерузалім, каб складаць ахвяры Госпаду, Богу бацькоў сваіх. 17 І тры гады ўмацавалі ўладу Юдэі і ўзмацнілі Рабаама, сына Саламона; бо хадзілі дарогамі Давіда і Саламона толькі тры гады. 18 Ажаніўся ж Рабаам з Махалат, дачкой Ерымота, сына Давіда і Абігайль, дачкі Эліяба, сына Ясэя, 19 якая нарадзіла яму сыноў: Ягуса, і Самарыю, і Заама. 20 Па ёй ажаніўся з Маахай, дачкой Абсалома, якая нарадзіла яму Абію, і Этая, і Зізу, і Саламіта. 21 Любіў жа Рабаам Мааху, дачку Абсалома, больш за ўсіх жонак сваіх і наложніц; меў бо жонак васемнаццаць, а наложніц — шэсцьдзесят. І меў дваццаць восем сыноў і шэсцьдзесят дачок. 22 А на чале ён паставіў Абію, сына Маахі, кіраўніком над братамі сваімі; яго бо думаў зрабіць царом. 23 І сыноў сваіх мудра разаслаў па ўсіх землях Юдэі і Бэньяміна, ва ўсе мураваныя гарады. І даў ім вельмі шмат ежы і знайшоў для іх многа жонак. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)