Біблія онлайн

Аб'явы

Усю біблію Стары Запавет Новы Запавет


1 ЯНА 3 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года) Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)
1 ЯНА 3

1 Паглядзіце, якую любоў даў нам Айцец, каб мы называліся дзецьмі Божымі! Свет таму не ведае нас, што не пазнаў Яго.

2 Улюбёныя, мы цяпер дзеці Божыя, але яшчэ не выявілася, кім мы будзем. Ведаем, што, калі гэта выявіцца, мы будзем падобныя да Яго, бо ўбачым Яго такім, якім Ён ёсць.

3 І кожны, хто мае такую надзею ў Ім, ачышчае сябе падобна таму, як Ён чысты.

4 Кожны, хто ўчыняе грэх, дапускаецца і беззаконня, бо грэх ёсць беззаконне.

5 І ведаеце, што Ён аб’явіўся на тое, каб забраць нашы грахі, і ў Ім няма граху.

6 Кожны, хто застаецца ў Ім, не грашыць; ніводзін жа з тых, што грашаць, не бачыў Яго і не пазнаў Яго.

7 Дзеткі! Хай ніхто вас не зводзіць. Хто робіць справядлівасць, той справядлівы, як і Ён справядлівы.

8 Хто ўчыняе грэх, той ад д’ябла, бо д’ябал ад пачатку грашыць. Дзеля гэтага і аб’явіўся Сын Божы, каб знішчыць справы д’ябла.

9 Кожны, хто нарадзіўся ад Бога, не ўчыняе граху, бо застаецца ў ім семя Яго; і не можа ён грашыць, бо нарадзіўся ад Бога.

10 Гэтым выяўляюцца дзеці Божыя і дзеці д’ябла: кожны, хто не робіць справядлівасці, не ёсць ад Бога, таксама як і той, хто не любіць брата свайго.

11 Бо такое ёсць абвяшчэнне, каторае чулі вы ад пачатку, каб мы любілі адзін аднаго.

12 Не як Каін: ён быў ад ліхога і забіў брата свайго. А чаму яго забіў? Бо ўчынкі яго былі благія, а брата яго – справядлівыя.

13 Не дзівіцеся, браты, калі свет ненавідзіць вас.

14 Мы ведаем, што перайшлі ад смерці да жыцця, бо любім братоў; хто не любіць брата, той трывае ў смерці.

15 Кожны, хто ненавідзіць брата свайго, ёсць забойца, а вы ведаеце, што ніводзін забойца не мае ў сабе жыцця вечнага, якое трывае ў Ім.

16 З таго пазналі мы любоў, што Ён аддаў душу Сваю за нас; і мы павінны аддаваць душу за братоў.

17 Калі хто мае багацце гэтага свету і бачыць, што брат яго жыве ў нястачы, і зачыняе сэрца сваё ад яго, дык як можа трываць у ім любоў Божая?

18 Дзеткі мае, будзем любіць не словам ці языком, але справай і праўдай.

19 Па гэтым пазнаем, што мы ад праўды, ды супакоім перад абліччам Яго сэрцы нашы,

20 бо калі наша сэрца асуджае нас, дык Бог большы за наша сэрца і ведае ўсё.

21 Улюбёныя, калі сэрца наша не асуджае нас, маем адвагу перад Богам

22 і, пра што прасіць будзем, атрымаем ад Яго, бо захоўваем прыказанні Яго і робім тое, што Яму падабаецца.

23 А прыказанне Яго такое: каб мы верылі ў імя Яго Сына Ісуса Хрыста і любілі адзін аднаго, як Ён нам загадаў.

24 І хто выконвае прыказанні Яго, той трывае ў Ім, а Ён – у тым, і тое, што Ён трывае ў нас, пазнаём па Духу, Якога Ён нам даў.

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)