1 ЯНА 4 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Улюбёныя! Не кожнаму духу верце, але выпрабоўвайце духаў, ці яны ад Бога, бо прыйшло ў свет многа фальшывых прарокаў. 2 Па гэтым пазнаеце Духа Божага: кожны дух, які вызнае, што Ісус Хрыстос прыйшоў у целе, ёсць ад Бога, 3 а кожны дух, які не вызнае Ісуса Хрыста, Які прышоў у целе, не ёсць ад Бога, але гэта дух антыхрыста, які, як вы чулі, надыходзіць і ўжо цяпер ёсць у свеце. 4 Вы, дзеткі, ад Бога і перамаглі іх, бо Той, Хто ў вас, большы за таго, хто ў свеце. 5 Яны – ад свету, таму гавораць так, як свет, і свет іх слухае. 6 Мы – ад Бога. Той, хто ведае Бога, слухае нас; хто не ад Бога, не слухае нас. Такім чынам пазнаем духа праўды і духа падману. 7 Улюбёныя, будзем любіць адзін аднаго, бо любоў ад Бога і кожны, хто любіць, нарадзіўся ад Бога і ведае Бога. 8 А хто не любіць, не пазнаў Бога, бо Бог ёсць любоў. 9 У гэтым выявілася любоў Бога да нас, што Бог паслаў Сына Свайго Адзінароднага ў свет, каб мы жылі праз Яго. 10 Любоў у тым, што не мы палюбілі Бога, але што Ён палюбіў нас ды паслаў Сына Свайго ва ўміласціўленне за нашы грахі. 11 Улюбёныя, калі Бог нас так палюбіў, дык і мы мусім любіць адзін аднаго. 12 Бога не бачыў ніхто ніколі; калі мы любім адзін аднаго, дык Бог трывае ў нас; і любоў Яго дасканалая ў нас. 13 Што мы трываем у Ім, а Ён – у нас, пазнаём па тым, што Ён даў нам Духа Свайго. 14 Мы, вось, бачылі і сведчым, што Айцец паслаў Сына Збаўцам свету. 15 Хто вызнае, што Ісус ёсць Сын Божы, у тым трывае Бог, і ён – у Богу. 16 І мы ўверылі і пазналі любоў, якую Бог мае да нас. Бог ёсць любоў, і хто трывае ў любові, у Богу трывае, і Бог у ім. 17 Дзеля таго любоў удасканалілася ў нас, каб мы мелі адвагу на дзень суда, бо як Ён, так і мы на гэтым свеце. 18 У любові няма страху, але дасканалая любоў вон выганяе страх, бо страх мае ў сабе кару, а хто баіцца, той не дасканалы ў любові. 19 Мы любім Яго, бо Ён першы палюбіў нас. 20 Калі б хто сказаў: «Я люблю Бога» і ненавідзеў бы брата свайго, той ілгун; бо хто не любіць брата свайго, якога бачыць, як можа любіць Бога, Якога не бачыць. 21 І маем такую пастанову ад Яго, каб той, хто любіць Бога, любіў таксама і брата свайго. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)