1 ЯНА 2 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Дзеткі мае, пішу вам гэта, каб вы не грашылі. Але калі б хто і зграшыў, маем Заступніка перад Айцом – Ісуса Хрыста Справядлівага. 2 Ён ёсць уміласціўленне за грахі нашы, ды не толькі за грахі нашы, але і ўсяго свету. 3 З гэтага пазнаём, што Яго ведаем: калі выконваем Яго прыказанні. 4 Хто кажа: «Ведаю Яго» і не выконвае Яго прыказанняў, той ілгун, і ў ім няма праўды. 5 А хто выконвае Яго слова, у тым сапраўды любоў Бога ажыццявілася. Па гэтым вось пазнаём, што мы ў Ім. 6 Хто кажа, што ён у Ім прабывае, мусіць таксама хадзіць так, як Ён хадзіў. 7 Улюбёныя! Не пішу для вас новае прыказанне, але прыказанне старадаўняе, якое вы мелі ад пачатку: даўняе прыказанне ёсць слова, якое вы чулі. 8 Але і новае прыказанне пішу вам, яно праўдзівае ў Ім і ў вас, бо цемра прамінае, і праўдзівае святло свеціць ужо. 9 Хто кажа, што ён у святле, і ненавідзіць брата свайго, той дагэтуль у цемры. 10 Хто любіць брата свайго, той застаецца ў святле, ды няма ў ім згаршэння. 11 А хто брата свайго ненавідзіць, той у цемры і ходзіць у цемры, і не ведае, куды ідзе, бо цемра засляпіла вочы яго. 12 Пішу вам, дзеткі: адпушчаны вам грахі ў імя Яго. 13 Пішу вам, айцы: вы пазналі Таго, Хто ёсць ад пачатку. Пішу вам, юнакі: вы перамаглі ліхога. 14 Напісаў вам, дзеці: вы ведаеце Айца. Напісаў вам, айцы: пазналі вы Таго, Хто ад пачатку. Напісаў вам, юнакі: вы дужыя, і слова Божае трывае ў вас, і вы перамаглі ліхога. 15 Не любіце свету, ані таго, што ў свеце. Бо калі хто любіць свет, у тым няма любові Айца. 16 Бо ўсё, што ў свеце: пажаданне цела, пажаданне вачэй ды пыхлівасць жыццёвая – не ад Айца, але ад свету. 17 І свет мінае, і пажаданні яго; а хто спаўняе волю Божую, той трывае вечна. 18 Дзеткі, ужо апошні час; і як вы чулі, што антыхрыст надыходзіць, і ў гэты час з’явілася многа антыхрыстаў; з гэтага пазнаём, што ўжо апошні час. 19 Выйшлі яны ад нас, але не былі з нас, бо калі б былі з нас, засталіся б з намі; але гэта сталася, каб выявілася, што не ўсе яны з нас. 20 Але вы атрымалі намашчэнне ад Святога, і вы ўсе гэта ведаеце. 21 Я вам напісаў не як няведаючым праўду, але як ведаючым яе, бо любая хлусня не ад праўды. 22 Хто ж тады лгун, калі не той, хто пярэчыць, што Ісус ёсць Хрыстос? Той ёсць антыхрыст, хто не прызнае Айца і Сына. 23 Кожны, хто не прызнае Сына, не мае таксама і Айца; а хто вызнае Сына, той мае і Айца. 24 Няхай захаваецца ў вас тое, што вы чулі ад пачатку. Калі тое, што вы чулі ад пачатку, захаваецца ў вас, дык вы будзеце трываць у Сыне і ў Айцу. 25 А вось абяцанне, якое Ён нам даў: жыццё вечнае. 26 Гэта ўсё я вам напісаў адносна тых, якія зводзяць вас. 27 І намашчэнне, якое вы атрымалі ад Яго, трывае ў вас, і не трэба, каб вас хтосьці вучыў, бо самае Яго намашчэнне вучыць вас усяму, і яно праўдзівае, і няма ў ім хлусні, і як вас навучыла, так вы і трывайце ў ім. 28 Дык цяпер, дзеткі, трывайце ў Ім, каб, калі Ён з’явіцца, мелі ў Ім адвагу ды каб у дзень Яго прыходу не дазналі перад Ім сораму. 29 Калі вы ведаеце, што Ён справядлівы, дык ведайце, што кожны, хто чыніць справядлівасць, з Яго нарадзіўся. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)