Біблія онлайн

Аб'явы

Усю біблію Стары Запавет Новы Запавет


1 ЛЕТАПІСАЎ 15 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года) Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)
1 ЛЕТАПІСАЎ 15

1 Таксама пабудаваў ён сабе дамы ў горадзе Давіда і прыгатаваў месца для каўчэга Божага, і зрабіў для яго палатку.

2 Затым сказаў Давід: «Нельга, каб хтосьці нёс каўчэг Божы, апрача левітаў, якіх выбраў Госпад, каб насіць яго і паслугаваць каля яго навек».

3 Дык сабраў Давід увесь Ізраэль у Ерузаліме, каб занесці каўчэг Госпада на сваё месца, якое прыгатаваў для яго;

4 а таксама паклікаў сыноў Аарона і левітаў.

5 З сыноў Кагата быў кіраўнік Урыэль і яго браты — сто дваццаць;

6 з сыноў Мэрары: кіраўнік Асая ды браты яго — дзвесце дваццаць;

7 з сыноў Гэрсона: кіраўнік Ёэль і браты яго — сто трыццаць;

8 з сыноў Элісафана: кіраўнік Сямэя ды браты яго — дзвесце;

9 з сыноў Геброна: кіраўнік Эліэль ды браты яго — восемдзесят;

10 з сыноў Азіэля: кіраўнік Амінадаб ды браты яго — сто дванаццаць.

11 І паклікаў Давід святароў: Садока і Абіятара, і левітаў: Урыэля, Асаю, Ёэля, Сямэю, Эліэля і Амінадаба,

12 і сказаў ім: «Вы з’яўляецеся кіраўнікамі родаў левітаў, ачысціцеся вы і браты вашы ды перанясіце каўчэг Госпада, Бога Ізраэля, на месца, якое я прыгатаваў.

13 Бо раней не было вас і ўчыніў Госпад, Бог Ізраэля, разбіццё сярод нас, бо мы не пыталі ў Яго, як належала».

14 Такім чынам, святары і левіты ачысціліся, каб несці каўчэг Госпада, Бога Ізраэля;

15 сыны Леві неслі каўчэг Госпада, Бога Ізраэля, па загадзе Майсея паводле слова Госпадава: на плячах сваіх на жэрдках.

16 І загадаў Давід кіраўнікам левітаў, каб выбралі з братоў сваіх спевакоў пры музычных інструментах, гэта значыць пры арфах, і лірах, і цымбалах, каб моцна гучаў голас радасці.

17 Дык паставілі левіты прыдзвернымі: Гемана, сына Ёэля, і братоў яго, Асафа, сына Барахіі, а з сыноў Мэрары братоў яго: Этана, сына Касаі,

18 і з імі братоў іх другой ступені: Захарыю, і Бані, і Язіэля, і Сэмірамота, і Ягіэля, і Ані, Эліяба, і Банаю, Маасію і Матацію, і Эліфала, і Мацэнію, і Абэдэдома, і Егіэля.

19 Потым спевакоў: Гемана, Асафа і Этана, якія гралі добра на медных цымбалах.

20 Захарыя ж і Азіэль, і Сэмірамот, і Ягіэль, і Ані, і Эліяб, і Маасія, і Баная гралі на цытрах высокім тонам «дзяўчыны».

21 Затым Матація, і Эліфал, і Мацэнія, і Абэдэдом, і Егіэль, і Азазія гралі на цытрах, дамінавалі ў актаве;

22 Хананія ж, кіраўнік левітаў, якія неслі каўчэг, стаяў на чале шэсця, бо быў вельмі мудры.

23 І Барахія, і Элькана былі прыдзвернымі пры каўчэгу.

24 Далей Сэбанія, і Язафат, і Натанаэль, і Амасай, і Захарыя, і Баная, і Эліязэр — святары — трубілі ў трубы перад каўчэгам Божым, а Абэдэдом і Егія былі прыдзвернымі пры каўчэгу.

25 Дык Давід і старэйшыя Ізраэля, і трыбуны з вялікай радасцю пайшлі, каб перанесці каўчэг запавету Госпада з дому Абэдэдома.

26 І калі Бог дапамагаў левітам, якія неслі каўчэг запавету Госпадавага, то былі ахвяраваны сем быкоў і сем бараноў.

27 А Давід быў апрануты ў плашч з вісону, ды падобна ўсе левіты, якія неслі каўчэг, і спевакі, і Хананія, кіраўнік тых, хто нёс каўчэг, — прытым Давід быў апрануты таксама ў ільняны эфод —

28 і ўвесь Ізраэль праводзіў каўчэг запавету Госпадава з радаснымі воклічамі, і пад гукі рога, і пад моцныя гукі труб, пры цымбалах, лірах ды цытрах.

29 І калі каўчэг запавету Госпадавага прыбыў у горад Давідаў, Міхол — дачка Саўла, гледзячы праз акно, убачыла цара Давіда, які скакаў і весяліўся, і пагардзіла ім у сваім сэрцы.

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)