Біблія онлайн

Аб'явы

Усю біблію Стары Запавет Новы Запавет


1 КАРЫНФЯНАЎ 3 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года) Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)
1 КАРЫНФЯНАЎ 3

1 І я не мог да вас, браты, прамаўляць як да духоўных, але як да цялесных, як да немаўлят у Хрысце.

2 Насычаў я вас малаком, а не ежай, бо былі вы яшчэ кволыя. Ды і цяпер вы яшчэ кволыя,

3 дасюль вы яшчэ цялесныя. Бо калі ў вас зайздрасць, спрэчкі і нязгода, ці ж вы не цялесныя і ці не робіце па-чалавечы?

4 Калі адзін кажа: «Я – Паўлаў», а другі: «Я – Апалосаў», – дык ці ж вы не цялесныя?

5 Хто Апалос? Або хто Паўла? Паслугачы, праз якіх вы ўверылі, ды кожны так, як яму Госпад даў.

6 Я пасадзіў, Апалос паліў, але Бог даў расці.

7 Не важны той, хто садзіць і хто палівае, але Той важны, Хто дае расці, – Бог!

8 Хто садзіць ды хто палівае – адно і тое ж. Кожны атрымае сваю плату паводле працы сваёй.

9 Мы бо – супрацоўнікі Божыя, а вы – Божая ніва, будоўля Божая.

10 Дадзенай мне Богам ласкай я, як мудры будаўнік, заклаў падмурак, а хто іншы закончыць пабудову. Хай кожны глядзіць, як будуе.

11 Бо ніхто не можа пакласці іншага падмурка, апрача таго, які пакладзены, які ёсць Ісус Хрыстос.

12 А ці хто на гэтым падмурку будуе з золата, ці са срэбра, ці з дарагіх камянёў, ці з дрэва, ці з сена, ці з саломы, –

13 праца кожнага выявіцца; дзень бо Госпадаў пакажа, бо ў агні выявіцца, і справа кожнага, якая ёсць, будзе выпрабавана агнём.

14 Той, чыя праца, якую ён пабудаваў, выстаіць, той атрымае ўзнагароду,

15 а калі чыя праца згарыць, будзе мець шкоду; сам, аднак, будзе збаўлены, але так, як быццам праз агонь.

16 Ці ж вы не ведаеце, што вы – святыня Божая ды што Дух Божы жыве ў вас?

17 Калі хто знішчыць святыню Бога, таго знішчыць Бог, бо святыня Божая – святая, і гэта ёсць вы.

18 Няхай ніхто сябе не падманвае; калі хто з вас думае, што ён мудры ў гэтым веку, дык хай станецца неразумным, каб быць мудрым.

19 Бо мудрасць гэтага свету ёсць глупства перад Богам, бо напісана: «Ён зловіць мудрых у іх хітрасці»

20 або зноў: «Госпад ведае думкі людзей, што яны марныя».

21 Дык хай ніхто не хваліцца сярод людзей! Бо ўсё ваша, –

22 ці гэта Паўла, ці Апалос, ці Кіфа, ці свет, ці жыццё, ці смерць, ці цяперашняе, ці будучае, – усё ваша,

23 а вы – Хрыстовы, а Хрыстос – Божы.

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)