1 КАРЫНФЯНАЎ 2 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 І я, калі прыбыў да вас, браты, прыйшоў, не каб захапляць вас словам ці мудрасцю, але абвяшчаючы вам сведчанне Божае. 2 Бо я разважыў, што не ведаю сярод вас нічога, акрамя Ісуса Хрыста, і Таго ўкрыжаванага. 3 І быў я сярод вас у немачы, са страхам і з трымценнем вялікім, 4 і слова маё, і навучанне маё не ў пераканаўчасці і мудрасці слоў чалавечай, але ў выяўленні Духа і моцы, 5 каб вера ваша была не ў мудрасці чалавечай, але ў моцы Божай. 6 Мы ж гаворым мудрасць сярод дасканалых, але мудрасць не гэтага веку, не валадароў гэтага веку, якія праходзяць, 7 але гаворым мудрасць Божую ў таямніцы, што прыхавана, якую Бог прызначыў перад вякамі на славу нашу, 8 якой ніводзін з валадароў гэтага веку не пазнаў, бо, калі б пазналі, ніколі не ўкрыжавалі б Госпада славы. 9 Як напісана: «Чаго вока не аглядала, ані вуха не чула, ані ўваходзіла ў сэрца чалавечае, тое Бог прыгатаваў тым, што любяць Яго». 10 Нам жа аб’явіў Бог праз Духа Свайго; Дух бо ўсё пранікае, нават глыбіні Божыя. 11 Хто ж з людзей ведае, што чалавечае, калі не дух, які ў ім? Таксама і таго, што Божае, ніхто не ведае, апрача Духа Божага. 12 А мы атрымалі не духа свету, але Духа, Які ад Бога, для ведання таго, што нам Богам даравана. 13 Таму і гаворым гэта не павучаннямі чалавечай мудрасці, але словамі, якім навучыў Дух Святы, тлумачачы духоўным духоўнае. 14 Душэўны ж чалавек не прымае таго, што ёсць ад Духа Божага, бо вар’яцтвам яму здаецца гэта, і не можа ўцяміць, бо [гэта] духоўна прасочваецца. 15 Духоўны ж судзіць усё, а яго ніхто не судзіць. 16 Хто ж пазнаў розум Госпада, ды хто будзе дарадчыкам Яго? Мы ж маем розум Хрыстоў. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)