Пс 771 Кіраўніку хору. Едутуну. Псальм Асафа. 2 Голас мой да Бога, і буду крычаць; голас мой да Бога, і Ён пачуў мяне. 3 У дзень трывогі маёй шукаю я Госпада; уначы рука мая працягнутая і не зьнемагаецца; адмаўляецца ад пацяшэньня душа мая. 4 Узгадваю пра Бога і стогну; енчу і зьнемагае дух мой. (Сэлях) 5 Ты затрымаў павекі вачэй маіх; я ўстрывожаны, і не магу гаварыць. 6 Разважаю пра дні старадаўнія, пра гады спрадвечныя. 7 Уначы ўзгадваю песьні мае, енчу ў сэрцы маім, і дапытваецца дух мой: 8 «Няўжо Госпад на вякі адкінуў мяне і ня будзе больш спагадаць? 9 Няўжо назаўсёды канец міласэрнасьці Ягонай, і вестка з пакаленьня ў пакаленьне счэзла? 10 Няўжо Бог забыўся пра літасьцівасьць Сваю і спыніў у гневе Сваім літасьць Сваю?» (Сэлях) 11 І я сказаў: «Гэта боль мой, што зьмянілася правіца Найвышэйшага. 12 Буду ўзгадваць дзеяньні ГОСПАДА; бо хачу ўзгадваць цуды Твае старадаўнія. 13 І буду разважаць пра ўсе справы Твае, і пра вялікія ўчынкі Твае буду апавядаць». 14 У сьвятасьці, Божа, шлях Твой. Які Бог гэтакі вялікі, як Бог? 15 Ты — Бог, Які цуды робіць. Ты даў спазнаць народам моц Тваю. 16 Ты бараніў рамяном Тваім народ Твой, сыноў Якуба і Язэпа. (Сэлях) 17 Убачылі Цябе воды, Божа, убачылі Цябе воды і задрыжэлі, і затрэсьліся бяздоньні. 18 Лінулі з хмараў воды; выдалі голас аблокі, і лёталі стрэлы Твае. 19 Голас грымотаў Тваіх у віхуры; маланкі сусьвет асьвятлялі; зямля трэслася і дрыжэла. 20 Праз мора ішоў шлях Твой, і сьцяжына Твая — праз воды вялікія, і сьлядоў Тваіх нельга пазнаць. 21 Ты вёў народ Твой, як авечкі, рукой Майсея і Аарона. |