Лк 21 І сталася, у тыя дні выйшла ад цэзара Аўгуста пастанова зрабіць перапіс па ўсім сусьвеце. 2 Гэты перапіс быў першы за панаваньня Квірынія ў Сірыі. 3 І пайшлі ўсе запісвацца, кожны ў свой горад. 4 Пайшоў таксама і Язэп з Галілеі, з гораду Назарэт, у Юдэю, у горад Давіда, называны Бэтлеем, бо ён быў з дому і роду Давіда, 5 запісацца з Марыяю, заручанай з ім жонкай, якая была цяжарная. 6 І сталася, калі яны былі там, надыйшоў дзень нарадзіць ёй; 7 і нарадзіла Сына свайго Першароднага, і спавіла Яго, і палажыла Яго ў ясьлі, бо не было ім месца ў сьвятліцы. 8 І былі пастухі ў той ваколіцы, якія начавалі ў полі і вартавалі ўначы каля статку свайго. 9 І вось, стаў перад імі анёл Госпада, і слава Госпада асьвяціла іх; і спалохаліся страхам вялікім. 10 І сказаў ім анёл: «Ня бойцеся! Бо вось, я дабравешчу вам радасьць вялікую, якая будзе ўсяму народу, 11 бо сёньня нарадзіўся вам у горадзе Давідавым Збаўца, Які ёсьць Хрыстос Госпад. 12 І вось вам знак: вы знойдзеце Немаўлятка ў пялюшках, Якое ляжыць у ясьлях». 13 І неспадзявана зьявілася з анёлам шматлікае войска нябеснае, якое хваліла Бога і казала: 14 «Слава на вышынях Богу, а на зямлі супакой, у людзях упадабаньне». 15 І сталася, калі адыйшлі ад іх анёлы ў неба, пастухі сказалі адзін аднаму: «Хадзем у Бэтлеем і ўбачым, ці сталася тое слова, якое абвясьціў нам Госпад». 16 І пайшлі пасьпешна, і знайшлі Марыю і Язэпа, і Немаўлятка, Якое ляжала ў ясьлях. 17 І, убачыўшы, расказалі пра словы, якія былі сказаныя ім пра Дзіцятка Гэтае. 18 І ўсе, якія чулі, зьдзіўляліся з таго, што расказвалі ім пастухі. 19 А Марыя захавала ўсе словы гэтыя, складаючы [іх] у сэрцы сваім. 20 І вярнуліся пастухі, славячы і хвалячы Бога за ўсё, што чулі і бачылі, як ім было сказана. 21 І калі прайшло восем дзён, трэба было абрэзаць Хлопчыка, і далі Яму імя Ісус, названае анёлам перш, чым быў Ён зачаты ва ўлоньні. 22 І калі скончыліся дні ачышчэньня іх паводле Закону Майсея, прынесьлі Яго ў Ерусалім, каб прадставіць перад Госпадам, 23 як напісана ў Законе Госпада: «Усякі хлопчык, які адкрывае ўлоньне, будзе названы сьвятым Госпада», 24 і каб прынесьці ў ахвяру паводле таго, як сказана ў Законе Госпада, пару туркавак ці двух галубянятак. 25 І вось, быў у Ерусаліме чалавек на імя Сымон. І быў ён чалавек праведны і пабожны, які чакаў пацяшэньня Ізраіля, і Дух Сьвяты быў на ім. 26 І было яму сказана ад Духа Сьвятога, што ён ня ўбачыць сьмерці, пакуль ня ўбачыць Хрыста Госпадавага. 27 І прыйшоў ён у Духу ў сьвятыню. І калі бацькі прынесьлі Дзіцятка Ісуса, каб выканаць над Ім абрад паводле Закону, 28 ён узяў Яго на рукі свае, і дабраславіў Бога, і сказаў: 29 «Цяпер адпускаеш слугу Твайго, Уладару, паводле слова Твайго, у супакоі, 30 бо бачылі вочы мае збаўленьне Тваё, 31 якое прыгатаваў Ты перад абліччам усіх народаў, 32 сьвятло для асьветы паганаў, і славу народу Твайго, Ізраіля». 33 А Язэп і маці Ягоная зьдзіўляліся сказанаму пра Яго. 34 І дабраславіў іх Сымон, і сказаў Марыі, маці Ягонай: «Вось, ляжыць Гэты на падзеньне і паўстаньне многіх у Ізраілі, і на знак, якому працівіцца будуць. 35 І табе самой меч пранікне ў душу, каб выявіліся думкі многіх сэрцаў». 36 І была Ганна прарочыца, дачка Фануэля, з калена Асэра. Яна была ў вельмі старым веку, з мужам ад дзявоцтва свайго пражыла сем гадоў. 37 І была яна ўдава гадоў васьмідзесяці чатырох, якая не адыходзіла ад сьвятыні, постам і просьбаю служачы [Богу] дзень і ноч. 38 І яна, у тую гадзіну прыйшоўшы, узносіла хвалу Госпаду і гаварыла пра Яго ўсім, якія чакалі выбаўленьня ў Ерусаліме. 39 І калі яны выканалі ўсё паводле Закону Госпада, вярнуліся ў Галілею, у горад свой Назарэт. 40 А Дзіцятка ўзрастала і ўмацоўвалася духам, напаўняючыся мудрасьцю; і ласка Божая была на Ім. 41 І кожны год бацькі Ягоныя хадзілі ў Ерусалім на сьвята Пасхі. 42 І калі Ён меў дванаццаць гадоў, прыйшлі яны, як звычайна, у Ерусалім на сьвята. 43 І калі скончыліся тыя дні і яны варочаліся, застаўся Хлопец Ісус у Ерусаліме, і не заўважылі гэтага Язэп і маці Ягоная, 44 але думалі, што Ён ідзе з іншымі падарожнікамі. Прайшоўшы дзённую дарогу, сталі шукаць Яго між сваякамі і знаёмымі. 45 І, не знайшоўшы Яго, вярнуліся ў Ерусалім, шукаючы Яго. 46 І сталася, праз тры дні знайшлі Яго ў сьвятыні, як сядзеў сярод настаўнікаў, слухаючы іх і пытаючыся ў іх. 47 І ўсе, што слухалі Яго, дзівіліся з розуму і адказаў Ягоных. 48 І, убачыўшы Яго, зьдзівіліся, і маці Ягоная сказала Яму: «Дзіця! Што Ты зрабіў нам гэтак? Вось, бацька Твой і я з вялікай мукаю шукалі Цябе». 49 А Ён сказаў ім: «Навошта вы шукалі Мяне? Ці ж вы ня ведаеце, што Я мушу быць у тым, што [належыць] Айцу Майму?» 50 І яны не зразумелі слова, якое Ён сказаў ім. 51 І Ён пайшоў з імі, і прыйшоў у Назарэт, і быў паслухмяны ім. І маці Ягоная захоўвала ўсе словы гэтыя ў сэрцы сваім. 52 І Ісус узрастаў у мудрасьці, і ва ўзросьце, і ў ласцы ў Бога і людзей. |