ЛУКАША 1 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Лк 1 1 Як ужо многія намагаліся напісаць аповесьць пра падзеі, якія ў нас адбыліся, 2 як пераказалі нам тыя, што былі ад пачатку відавочцамі і сталіся паслугачамі Слова, 3 надумаў і я, прайшоўшы ўсё нанова, дакладна па парадку апісаць табе, вяльможны Тэафілю, 4 каб ты пазнаў надзейнасьць словаў, у якіх быў навучаны. 5 Сталася ў дні Ірада, валадара Юдэйскага, [быў] сьвятар з Абіявае чаргі, на імя Захарыя, і жонка ягоная з дачок Аарона, і імя яе — Альжбета. 6 Былі яны абое праведныя перад Богам, ходзячы паводле прыказаньняў і пастановаў Госпада беззаганна. 7 І не было ў іх дзіцяці, таму што Альжбета была няплодная, і абое яны былі пажылыя ў гадах сваіх. 8 І сталася, калі ў парадку чаргі сваёй ён спаўняў абавязак сьвятарскі перад Богам, 9 выпала яму паводле звычаю сьвятароў кадзіць, увайшоўшы ў бажніцу Госпадаву. 10 І ўсё мноства народу звонку малілася ў час каджэньня. 11 І зьявіўся яму анёл Госпада, які стаў з правага боку кадзільнага ахвярніку. 12 І ўстрывожыўся Захарыя, убачыўшы яго, і ахапіў яго страх. 13 Анёл жа сказаў яму: «Ня бойся, Захарыя! Бо пачутая просьба твая, і жонка твая Альжбета народзіць табе сына, і дасі яму імя Ян. 14 І будзе табе радасьць і вясёласьць, і многія ўзрадуюцца нараджэньню ягонаму. 15 Бо ён будзе вялікі перад Госпадам, і ня будзе піць віно і сікеру, і Духам Сьвятым напоўніцца яшчэ ва ўлоньні маці сваёй. 16 І многіх з сыноў Ізраіля зьверне да Госпада, Бога іхняга. 17 І будзе ісьці перад Ім у духу і сіле Ільлі, каб вярнуць сэрцы бацькоў дзецям, і непаслухмяным — лад думак праведнікаў, каб падрыхтаваць Госпаду народ падрыхтаваны». 18 І сказаў Захарыя анёлу: «З чаго даведаюся я гэтае? Бо я — стары, і жонка мая ў гадах пажылых». 19 І, адказваючы, сказаў яму анёл: «Я — Габрыэль, які стаю перад Богам, і я пасланы гаварыць з табою і дабравесьціць табе гэтае. 20 І вось, будзеш ты маўчаць, і ня зможаш гаварыць да дня, калі гэта станецца, за тое, што не паверыў словам маім, якія споўняцца ў свой час». 21 І чакаў народ Захарыю, і дзівіўся, што ён марудзіць у бажніцы. 22 А ён, выйшаўшы, ня мог гаварыць да іх; і зразумелі, што бачыў відзеж у бажніцы; і ён ківаў ім, і застаўся немы. 23 І сталася, калі скончыліся дні службы ягонай, ён вярнуўся ў дом свой. 24 Пасьля гэтых дзён зачала Альжбета, жонка ягоная, і хавала гэта пяць месяцаў, кажучы: 25 «Гэтак учыніў мне Госпад у дні, калі глянуў на мяне, каб зьняць з мяне ганьбу між людзьмі». 26 А ў шосты месяц быў пасланы анёл Габрыэль ад Бога ў горад Галілейскі, называны Назарэт, 27 да дзяўчыны, заручанай з мужам на імя Язэп, з дому Давіда; а імя дзяўчыны — Марыя. 28 І, увайшоўшы да яе, анёл сказаў: «Радуйся, дабрадатная! Госпад з табою; дабраслаўлёная ты між жанчынамі». 29 Яна ж, убачыўшы яго, устрывожылася ад словаў ягоных і разважала, што гэта было за прывітаньне. 30 І сказаў ёй анёл: «Ня бойся, Марыя! Бо ты знайшла ласку ў Бога. 31 І вось, ты зачнеш ва ўлоньні і народзіш Сына, і дасі Яму імя Ісус. 32 Ён будзе вялікі і Сынам Найвышэйшага назавецца, і дасьць Яму Госпад Бог пасад Давіда, бацькі Ягонага. 33 І Ён будзе валадарыць над домам Якуба на вякі, і Валадарству Ягонаму ня будзе канца». 34 А Марыя сказала анёлу: «Як гэта будзе, калі я не спазнала мужа?» 35 І, адказваючы, анёл сказаў ёй: «Дух Сьвяты зыйдзе на цябе, і сіла Найвышэйшага ахіне цябе. І дзеля гэтага тое, што народзіцца Сьвятое, Сынам Божым назавецца. 36 Вось і Альжбета, сваячка твая, і яна зачала сына ў старасьці сваёй, і вось ужо шосты месяц у яе, якую называюць няплоднай. 37 Бо ў Бога ніводнае слова ня будзе бяз сілы». 38 І сказала Марыя: «Вось я — служка Госпада; няхай станецца мне паводле слова твайго». І адыйшоў ад яе анёл. 39 Устаўшы, Марыя ў тыя дні шпарка пайшла ў горную краіну, у горад Юды, 40 і ўвайшла ў дом Захарыі, і прывітала Альжбету. 41 І сталася, калі Альжбета пачула прывітаньне Марыі, узварухнулася дзіцятка ва ўлоньні яе, і Альжбета напоўнілася Духам Сьвятым. 42 І ўсклікнула яна моцным голасам, і сказала: «Дабраслаўлёная ты між жанчынамі, і дабраслаўлёны плод улоньня твайго. 43 І адкуль гэта мне, што прыйшла маці Госпада майго да мяне? 44 Бо вось, як голас вітаньня твайго дайшоў да вушэй маіх, узварухнулася вясёла дзіцятка ва ўлоньні маім. 45 І шчасьлівая тая, якая паверыла, бо зьдзейсьніцца сказанае ёй ад Госпада». 46 І сказала Марыя: «Узьвялічвае душа мая Госпада, 47 і ўзрадаваўся дух мой у Богу, Збаўцы маім, 48 бо Ён глянуў на паніжэньне служкі Сваёй. Бо вось, адгэтуль шчасьліваю будуць называць мяне ўсе пакаленьні, 49 бо вялікае ўчыніў мне Магутны, і сьвятое імя Яго, 50 і міласэрнасьць Ягоная з пакаленьня ў пакаленьне для тых, якія баяцца Яго. 51 Ён зьявіў уладу рамяном Сваім, расьсеяў ганарыстых думкамі сэрца іхняга; 52 скінуў моцных з пасадаў і ўзьвялічыў пакорных; 53 галодных насыціў дабром, а багатых адпусьціў ні з чым. 54 Падтрымаў Ізраіля, юнака Свайго, успомніў пра міласэрнасьць, 55 як гаварыў адносна бацькоў нашых, адносна Абрагама і насеньня ягонага на вякі». 56 Прабыла ж Марыя з ёю каля трох месяцаў і вярнулася ў дом свой. 57 А Альжбеце настаў час нараджаць, і яна нарадзіла сына. 58 І пачулі суседзі і сваякі ейныя, што ўзьвялічыў Госпад міласэрнасьць Сваю над ёю, і цешыліся з ёю. 59 І сталася, у восьмы дзень прыйшлі абрэзаць дзіцятка і хацелі назваць яго паводле імя бацькі ягонага Захарыям. 60 І, адказваючы, маці ягоная сказала: «Не, але ён будзе называцца Янам». 61 І сказалі ёй: «Нікога няма ў родзічаў тваіх, хто называецца гэтым імем». 62 І пыталіся на мігах у бацькі ягонага, як бы ён хацеў назваць яго. 63 І, папрасіўшы дошчачку, ён напісаў, кажучы: «Ян імя яму». І ўсе зьдзівіліся. 64 І адразу расчыніліся вусны ягоныя і язык ягоны, і ён стаў гаварыць, дабраслаўляючы Бога. 65 І стаўся страх на ўсіх, што жылі побач, і гаварылі адзін аднаму словы гэтыя па ўсёй горнай краіне Юдэйскай. 66 І ўсе, якія чулі, складалі [гэта] ў сэрцы сваім, кажучы: «Што ж гэта будзе за дзіця?» І рука Госпада была з ім. 67 І Захарыя, бацька ягоны, напоўніўся Духам Сьвятым, і прарочыў, кажучы: 68 «Дабраслаўлёны Госпад, Бог Ізраіля, што адведаў народ Свой і даў выбаўленьне [яму], 69 і падняў рог збаўленьня нашага ў доме Давіда, слугі Свайго, 70 як абвясьціў вуснамі сьвятых прарокаў Сваіх, што былі адвеку, 71 збавіць [нас] ад ворагаў нашых і ад рукі ўсіх, якія ненавідзяць нас, 72 учыніць міласэрнасьць бацькам нашым і ўзгадаць сьвяты запавет Свой, 73 прысягу, якой кляўся Абрагаму, бацьку нашаму, даць нам 74 бяз страху, выбавіўшы нас з рукі ворагаў нашых, 75 служыць Яму ў сьвятасьці і праведнасьці перад Ім у-ва ўсе дні жыцьця нашага. 76 І ты, дзіцятка, будзеш названы прарокам Найвышэйшага, бо будзеш ісьці наперадзе перад абліччам Госпада падрыхтаваць шляхі Яму, 77 даць народу пазнаць збаўленьне ў адпушчэньні грахоў іхніх, 78 праз унутраную міласэрнасьць Бога нашага, у якой адведаў нас Усход з вышыні, 79 зьявіць [сьвятло] тым, што сядзяць у цемры і ў ценю сьмяротным, накіраваць ногі нашыя на шлях супакою». 80 А дзіцятка ўзрастала і ўмацоўвалася духам, і было ў пустыні да дня зьяўленьня свайго Ізраілю. |