Друг 161 Захоўвай месяц Авіў і сьвяткаваньне Пасхі ГОСПАДА, Бога твайго, бо ў месяцы Авіў вывеў цябе ГОСПАД, Бог твой, з Эгіпту ноччу. 2 І ахвяруеш ахвяру Пасхі ГОСПАДУ, Богу твайму, авечку ці цяля, у месцы, якое выбраў ГОСПАД, Бог твой, каб было там імя Ягонае. 3 Ня будзеш есьці з ёю кіслае. Сем дзён будзеш есьці з ёю праснакі, хлеб бедаваньня, бо пасьпешліва выйшаў ты з зямлі Эгіпецкай, каб ты памятаў пра дзень выхаду твайго з зямлі Эгіпецкай усе дні жыцьця свайго. 4 Ня будзе бачна ў цябе кісьлі ў-ва ўсіх межах тваіх сем дзён. З мяса, якое будзе складзена ў ахвяру вечарам, у першы дзень, нічога няхай не застанецца праз ноч да раніцы. 5 Ня можаш складаць ахвяру Пасхі ў нейкай з брамаў тваіх, якія дае табе ГОСПАД, Бог твой, 6 але толькі ў тым месцы, якое выбраў ГОСПАД, Бог твой, каб было там імя Ягонае, складзеш ахвяру Пасхі ўвечары пры захадзе сонца ў той самы час, калі выйшаў ты з Эгіпту. 7 І сьпячэш, і і будзеш есьці ў тым месцы, якое выбраў ГОСПАД, Бог твой; а раніцаю ўстанеш і вернешся ў намёты свае. 8 Шэсьць дзён будзеш есьці праснакі, а на сёмы дзень будзе ўрачысты сход на [ўшанаваньне] ГОСПАДА, Бога твайго, ня будзеш рабіць [аніякай] працы. 9 Адлічыш сабе сем тыдняў ад таго [дня], калі серп пачне [жаць] збожжа, 10 і будзеш сьвяткаваць сьвята Тыдняў на ўшанаваньне ГОСПАДА, Бога твайго, са шчодрымі дабраахвотнымі ахвярамі, якія ты дасі паводле таго, як дабраславіў цябе ГОСПАД, Бог твой. 11 І будзеш весяліцца перад абліччам ГОСПАДА, Бога твайго, і ты, і сын твой, і дачка твая, і слуга твой, і служка твая, і лявіт, які ў брамах тваіх, і прыхадзень, і сірата, і ўдава, якія з табою ў месцы, якое выбраў ГОСПАД, Бог твой, каб там было імя Ягонае. 12 І памятай, што ты быў нявольнікам у Эгіпце, і будзеш захоўваць і выконваць пастановы гэтыя. 13 Будзеш сьвяткаваць сьвята Намётаў сем дзён пасьля збору пладоў з току твайго і тоўчні тваёй. 14 І будзеш весяліцца ў сьвята тваё ты, і сын твой, і дачка твая, і слуга твой, і служка твая, і лявіт, і прыхадзень, і сірата, і ўдава, якія ў брамах тваіх. 15 Сем дзён будзеш сьвяткаваць [сьвяты] ГОСПАДУ, Богу твайму, у месцы, якое выбраў ГОСПАД; бо будзе дабраслаўляць цябе ГОСПАД, Бог твой, у-ва ўсіх пладах тваіх і ў-ва ўсякай працы рук тваіх, і будзеш поўны радасьці. 16 Тры разы ў год няхай зьявіцца кожны мужчына твой перад аблічча ГОСПАДА, Бога твайго, у месцы, якое Ён выбраў: на сьвята Праснакоў, на сьвята Тыдняў і на сьвята Намётаў. І [ніхто] няхай не прыходзіць перад аблічча ГОСПАДА з пустымі [рукамі]. 17 Кожны няхай [прынясе] дар рукі сваёй паводле дабраславенства ГОСПАДА, Бога твайго, якое Ён дасьць табе. 18 Паставіш судзьдзяў і загадчыкаў працы ў-ва ўсіх брамах тваіх, якія дае табе ГОСПАД, Бог твой, для ўсіх каленаў тваіх, і будуць судзіць народ судом праведным. 19 Не крыві суду. Не глядзі на аблічча і не бяры падарункі, бо падарунак засьляпляе вочы мудрым і перакручвае словы праведных. 20 Да праведнасьці, да праведнасьці імкніся, каб ты жыў і ўспадкаеміў зямлю, якую дае табе ГОСПАД, Бог твой. 21 Не садзі сабе гаёў з дрэваў каля ахвярніка ГОСПАДА, Бога твайго, які збудуеш сабе. 22 Ня стаў сабе слупы, якія ненавідзіць ГОСПАД, Бог твой. |