Вых 181 I пачуў Етра, сьвятар Мадыянскі, цесьць Майсея, пра ўсё, што зрабіў Бог для Майсея і Ізраіля, народу Свайго, бо вывеў ГОСПАД Ізраіля з Эгіпту. 2 I ўзяў Етра, цесьць Майсея, Цыпору, жонку Майсея, якую той быў адаслаўшы, 3 і двух сыноў ейных, у якіх аднаго імя — Гершом, бо казаў Майсей: «Я стаўся прыхаднем у зямлі чужой», 4 а імя другога — Эліезэр, бо [казаў]: «Бог бацькі майго [быў] дапамогай маёй і выбавіў мяне ад мяча фараона». 5 I прыйшоў Етра, цесьць Майсея, і сыны ягоныя, і жонка ягоная да Майсея ў пустыню, дзе ён стаяў табарам каля гары Божай, 6 і сказаў Майсею: «Я, цесьць твой Етра, прыйшоў да цябе, і жонка твая, і два сыны ейныя з ёю». 7 I выйшаў Майсей насустрач цесьцю свайму, і пакланіўся, і пацалаваў яго, і пыталіся адзін у аднаго, як маюцца, і ўвайшлі ў намёт. 8 I распавёў Майсей цесьцю свайму пра ўсё, што зрабіў ГОСПАД з фараонам і Эгіптам з прычыны Ізраіля, і пра ўсе цяжкасьці, якія напаткалі іх у дарозе, і як выбавіў іх ГОСПАД. 9 I радаваўся Етра з усяго дабра, якое ГОСПАД зрабіў для Ізраіля, калі выбавіў яго з рукі Эгіпцянаў. 10 I сказаў Етра: «Дабраслаўлёны ГОСПАД, Які выбавіў вас з рукі Эгіпцянаў і з рукі фараона, Які выбавіў народ з-пад рукі Эгіпцянаў. 11 Цяпер я ведаю, што большы ГОСПАД за ўсіх багоў, бо ў той справе, у якой яны выхваляліся, Ён быў па-над імі». 12 I ўзяў Етра, цесьць Майсея, цэласпаленьне і ахвяры для Бога, і прыйшоў Аарон і ўсе старшыні Ізраіля, каб есьці хлеб з цесьцем Майсея перад абліччам Бога. 13 I сталася назаўтра, і сеў Майсей судзіць народ, і стаяў народ перад Майсеем з раніцы да вечара. 14 I бачыў цесьць Майсея ўсё, што ён рабіў для народу, і сказаў: «Што гэта за справа, якую ты робіш для народу? Дзеля чаго ты сядзіш сам адзін, а ўвесь народ стаіць перад табою з раніцы да вечара?» 15 I сказаў Майсей цесьцю свайму: «Бо прыходзіць народ да мяне, каб пытацца ў Бога. 16 Бо калі яны маюць нейкую справу, прыходзяць да мяне, і я суджу паміж адным [чалавекам] і другім, і абвяшчаю пастановы Божыя і законы Ягоныя». 17 I сказаў цесьць Майсея яму: «Нядобрая гэтая рэч, якую ты робіш. 18 Мучаешся ты і мучаеш народ гэты, які з табою; бо цяжкая для цябе справа гэтая, ты ня можаш рабіць яе сам адзін. 19 Цяпер паслухай голас мой; я дам табе раду, і будзе Бог з табою. Ты будзь [заступнікам] за народ перад Богам і прынось Богу справы гэтыя. 20 I ты навучай іх пастановам і законам, і дай ім ведаць шлях, па якім яны маюць ісьці, і ўчынкі, якія яны маюць рабіць. 21 I ты выглядзі з усяго народу людзей здольных, якія баяцца Бога, людзей праўды, якія ненавідзяць хцівасьць, і пастаў іх як начальнікаў над тысячамі, начальнікаў над сотнямі, начальнікаў над пяцідзясяткамі і начальнікаў над дзясяткамі. 22 I няхай яны судзяць народ у кожным часе. І станецца, што кожную справу вялікую яны будуць прыносіць да цябе, а кожную справу малую будуць судзіць самі. І будзе табе лягчэй, і яны панясуць [цяжар] з табою. 23 Калі гэтую рэч зробіш, і Бог загадае [гэта] табе, ты зможаш стаяць, і таксама ўвесь народ гэты прыйдзе на сваё месца ў супакоі». 24 I паслухаў Майсей голасу цесьця свайго, і зрабіў усё, што той сказаў. 25 I выбраў Майсей людзей здольных з усяго Ізраіля, і прызначыў іх галоўнымі над народам, начальнікамі над тысячамі, начальнікамі над сотнямі, начальнікамі над пяцідзясяткамі і начальнікамі над дзесяткамі. 26 I судзілі яны народ у кожным часе, справу цяжкую прыносілі да Майсея, а кожную справу малую судзілі самі. 27 I адпусьціў Майсей цесьця свайго, і той пайшоў у зямлю сваю. |