Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ВЫХАД 17 - Біблія (пераклад А.Бокуна)


Вых 17

1 I вырушыла ўся грамада сыноў Ізраіля з пустыні Сін у падарожжы свае, паводле [слова з] вуснаў ГОСПАДА, і сталі табарам у Рэфідыме, і не было вады, каб піць народу.

2 I спрачаўся народ з Майсеем, і сказалі: «Дайце нам вады, і будзем піць». I сказаў ім Майсей: «Што вы спрачаецеся са мною? Што выпрабоўваеце ГОСПАДА?».

3 I смагнуў там народ вады, і наракаў народ на Майсея, і сказаў: «Навошта ты вывеў нас з Эгіпту? Каб памерлі ад смагі я, і сыны мае, і статак мой?»

4 I клікаў Майсей да ГОСПАДА, кажучы: «Што мне рабіць з народам гэтым? Яшчэ крыху, і яны ўкамянуюць мяне».

5 I сказаў ГОСПАД Майсею: «Прайдзі перад абліччам народу, і вазьмі з сабою старшыняў Ізраіля, і кій твой, якім ты ўдарыў раку, возьмеш у руку тваю, і пойдзеш.

6 Вось, Я стану перад абліччам тваім там на скале на Харэве, і ты ўдарыш у скалу, і выйдзе з яе вада, і будзе піць народ». I зрабіў так Майсей на вачах старшыняў Ізраіля.

7 I назваў імя месца таго — Маса і Мэрыва, таму што сварыліся сыны Ізраіля і таму што яны выпрабоўвалі ГОСПАДА, кажучы: «Ці ёсьць ГОСПАД сярод нас, ці не?»

8 I прыйшоў Амалек, і ваяваў з Ізраілем у Рэфідыме.

9 I сказаў Майсей Егошуа: «Выбяры нам мужоў і ідзі, каб ваяваць з Амалекам. Заўтра я стану на вяршыні ўзгорку, і кій Божы [будзе] ў руцэ маёй».

10 I зрабіў Егошуа так, як сказаў яму Майсей, каб ваяваць з Амалекам; а Майсей, Аарон і Хур узыйшлі на вяршыню ўзгорку.

11 I было, што калі Майсей падымаў руку сваю, перамагаў Ізраіль; а калі апускаў руку сваю, перамагаў Амалек.

12 І рукі Майсея сталіся цяжкімі; і ўзялі камень, і падлажылі пад яго; і ён сеў на ім. І Аарон і Хур падпіралі рукі ягоныя, адзін з аднаго, а другі — з другога боку. I рукі ягоныя былі ўзьнятыя аж да заходу сонца.

13 I перамог Егошуа Амалека і народ ягоны лязом мяча.

14 I сказаў ГОСПАД Майсею: «Запішы гэта на памятку ў кнігу, і ўлажы ў вушы Егошуа, што Я вынішчаючы, вынішчу памяць пра Амалека пад небам!».

15 I пабудаваў Майсей ахвярнік, і назваў імя яго: “ГОСПАД — сьцяг мой”.

16 І сказаў ён: «Бо рука на пасадзе ГОСПАДА, што вайна ў ГОСПАДА з Амалекам з пакаленьня ў пакаленьне».

Сачыце за намі:



Аб'явы