Біблія онлайн

Аб'явы

Усю біблію Стары Запавет Новы Запавет


ВЫСЛОЎІ 27 - Біблія (пераклад А.Бокуна) Біблія (пераклад А.Бокуна)
ВЫСЛОЎІ 27

Разьдзел 27

1 Не хваліся заўтрашнім днём, бо ня ведаеш, што гэты дзень народзіць.

2 Няхай іншы хваліць цябе, а ня вусны твае, нехта чужы, а ня губы твае.

3 Камень цяжкі і пясок важкі, але гнеў неразумнага цяжэйшы за іх абодвух.

4 Гнеў нястрымны і ярасьць бязьлітасная, але хто ўстаіць перад рэўнасьцю?

5 Лепш адкрытае дакараньне, чым схаваная любоў.

6 Раны ад таго, хто любіць, [выказваюць] вернасьць [ягоную], а пацалункі ненавісьніка шматлікія.

7 Душа насычаная топчацца па мёдзе, а душы галоднай усё горкае салодкае.

8 Як птушка, што пакінула гняздо сваё, так чалавек, які пакідае месца сваё.

9 Алей і кадзіла радуюць сэрца, а салодкасьць бліжняга — у парадзе ад душы.

10 Не пакідай бліжняга твайго і бліжняга бацькі твайго, і ў дом брата твайго не хадзі ў дзень няшчасьця твайго, бо лепш сусед блізка, чым брат далёка.

11 Будзь мудры, сыне мой, і ўзрадуй сэрца маё, каб мог я адказаць таму, хто зьневажае мяне.

12 Разумны бачыць зло і хаваецца, а неразумныя ідуць і будуць пакараныя.

13 Забяры адзеньне яго, бо ён паручыўся за чужога, і за чужынца вазьмі заклад ад яго.

14 Таму, хто рана раніцаю гучным голасам дабраслаўляе бліжняга свайго, палічаць гэта за праклён.

15 Няспыннае капаньне [праз дах] у дажджлівы дзень і сварлівая жонка — аднолькавыя.

16 Хто [спрабуе] схаваць яе, хавае вецер і пахкі алей у правай руцэ сваёй, які выдае сябе.

17 Жалеза жалезам вострыцца, а чалавек вострыць аблічча бліжняга свайго.

18 Хто даглядае дрэва фігавае, будзе есьці плады яго, а хто пільнуецца гаспадара свайго, будзе ў пашане.

19 Як у вадзе аблічча да аблічча, так сэрца чалавека — да чалавека.

20 Адхлань і пекла ненасытныя, і вочы чалавека ненасытныя.

21 Літавальны гаршчок для срэбра і горан для золата, а для чалавека — вусны, якія хваляць яго.

22 Хоць будзеш таўчы неразумнага таўкачом паміж зерня ў ступе, дурнота ягоная не адыйдзе ад яго.

23 Ведай добра авечак тваіх, зьвяртай сэрца тваё да статкаў тваіх,

24 бо багацьце ня вечнае, і ці ж дыядэма [перадаецца] з пакаленьня ў пакаленьне?

25 Вырастае трава, і зьяўляецца зеляніна, і зьбіраюць сена з гораў.

26 Ягняты — на вопратку табе, і казлы — плата за поле.

27 І досыць казінага малака на ежу табе, і на ежу дому твайму, і на жыцьцё для служак тваіх.