ВЫСЛОЎІ 28 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Разьдзел 28 1 Бязбожнік бяжыць, хоць ніхто не перасьледуе яго, а праведнікі ўпэўненыя, як ільвы. 2 Дзеля правінаў зямлі шмат у ёй начальнікаў, а праз чалавека, які ведае і разважае, яна даўгавечная. 3 Чалавек бедны, які ўціскае ўбогіх, як залеўны дождж, [што пакідае] бяз хлеба. 4 Хто адступаецца ад закону, той хваліць бязбожніка, а хто захоўвае закон, той паўстае супраць [ліхадзея]. 5 Ліхія людзі не разумеюць суду, а тыя, што шукаюць ГОСПАДА, разумеюць усё. 6 Лепш бедны, які ходзіць у беззаганнасьці сваёй, чым той, які крывіць шляхі свае, дарма што багаты. 7 Сын разумны захоўвае закон, а той, хто сябруе з абжорамі, сароміць бацьку свайго. 8 Хто памнажае маёмасьць сваю адсоткам і ліхвай, той зьбірае яе для таго, хто літуецца над убогім. 9 Хто адварочвае вуха сваё, каб ня чуць закону, таго малітва — брыдота. 10 Хто схіляе правых на шлях зла, сам уваліцца ў яму сваю, а беззаганныя атрымаюць у спадчыну добрае. 11 Мудры ў вачах сваіх чалавек багаты, але ўбогі, які мае розум, выспрабуе яго. 12 Калі праведнікі перамагаюць — вялікая слава, а калі ўздымаюцца бязбожнікі, чалавек хаваецца. 13 Той, хто хавае свае правіны, ня будзе мець посьпеху, а хто прызнаецца і пакідае іх, дазнае міласэрнасьці. 14 Шчасьлівы чалавек, які мае трымценьне заўсёды, а хто робіць цьвёрдым сэрца сваё, трапіць у бяду. 15 Леў рыклівы і мядзьведзь бадзяжны — [гэта] бязбожны пан над бедным народам. 16 Правадыр, пазбаўлены розуму, робіць шмат крыўды, а хто ненавідзіць хцівасьць, прадоўжыць дні свае. 17 Чалавек, абцяжараны крывёю душы [другога], будзе бегаць да магілы, і ніхто не падтрымае яго. 18 Хто ходзіць беззаганна, будзе ўратаваны, а крывадушны на шляхах [сваіх] упадзе на адным [з іх]. 19 Хто абрабляе зямлю сваю, насыціцца хлебам, а хто гоніцца за марнасьцю, насыціцца беднасьцю. 20 Чалавек верны мае шмат дабраславенстваў, а хто сьпяшаецца ўзбагацець, не пазьбегне пакараньня. 21 Нядобра зважаць на аблічча, бо дзеля кавалку хлеба чалавек робіць беззаконьне. 22 Сьпяшаецца да багацьця чалавек ліхога вока і ня ведае, што нястача прыйдзе на яго. 23 Той, хто дакарае чалавека, знойдзе пасьля [большую] ласку, чым той, хто языком лісьлівіць. 24 Хто абкрадае бацьку свайго і маці сваю і кажа: «Няма тут віны», той супольнік нішчыцелю. 25 Душа надзьмутая ўзьнімае звадку, а хто спадзяецца на ГОСПАДА, будзе насычаны. 26 Хто спадзяецца на сэрца сваё, той дурань, а хто ходзіць у мудрасьці, будзе збаўлены. 27 Хто дае бедным, ня будзе мець нястачы, а хто хавае вочы свае, мецьме шмат праклёнаў. 28 Калі бязбожнікі ўздымаюцца, людзі хаваюцца, а калі яны гінуць, памнажаюцца праведнікі. |