Разьдзел 111 Агіда для ГОСПАДА — шалі падманлівыя, а вагі дакладныя даспадобы Яму. 2 Прыходзіць пыхлівасьць, прыходзіць і ганьба, а ў пакорлівых — мудрасьць. 3 Беззаганнасьць правых вядзе іх, а крывадушнасьць здрадлівых загубіць іх. 4 Не дапаможа багацьце ў дзень гневу, а праведнасьць ратуе ад сьмерці. 5 Праведнасьць беззаганнага раўняе шлях ягоны, а бязбожнік падае праз бязбожнасьць сваю. 6 Праведнасьць правых ратуе іх, а ліхадзеі будуць злоўленыя злачынствам сваім. 7 Калі памірае чалавек бязбожны, гіне надзея [яго], і спадзяваньне злачынцаў прападае. 8 Праведнік ратуецца ад бяды, а бязбожнік прыходзіць на месца яго. 9 Крывадушнік вуснамі забівае бліжняга свайго, а праведнік ратуецца праз веданьне. 10 Калі добра ідзе праведным, радуецца горад, і калі гінуць бязбожнікі, [горад] сьвяткуе. 11 Дабраславенствам правых узвышаецца горад, а вуснамі бязбожнікаў руйнуецца. 12 Той, хто пазбаўлены розуму, пагарджае бліжнім сваім, а чалавек разумны захоўвае мір. 13 Хто ходзіць з абмовамі, адкрывае таямніцу, а той, хто верны духам, захоўвае слова. 14 Дзе няма добрай рады, народ прападае, а пры мностве дарадцаў — выратаваньне. 15 Шкодзіць сабе той, хто паручаецца за чужога, а хто ненавідзіць даваць руку, той бясьпечны. 16 Дабрадзейная жанчына здабывае славу, і моцныя здабываюць багацьце. 17 Чалавек міласэрны робіць дабро душы сваёй, а бязьлітасны нішчыць цела сваё. 18 Падманлівы набытак здабудзе бязбожнік, а таму, хто сее праведнасьць, будзе пэўная нагарода. 19 Праведнасьць [вядзе] да жыцьця, а хто імкнецца да зла, [імкнецца] да сьмерці. 20 Агіда для ГОСПАДА крывадушныя сэрцам, але тыя, хто ходзяць беззаганна, даспадобы Яму. 21 Можна паручыцца, зло не пазьбегне пакараньня, а насеньне праведных будзе збаўленае. 22 Як залатое колца ў лычы сьвіньні, так прыгожая жанчына, але бяз розуму. 23 Прагненьне праведнікаў — толькі дабро, а чаканьне бязбожнікаў — гнеў. 24 Адзін сыпе [шчодра], і дадаецца яму, а другі лішне ашчадны, і бяднее. 25 Дабрадзейная душа будзе насычана, і хто поіць [другіх], сам напоены будзе. 26 Хто затрымлівае збожжа, таго праклінае народ, але дабраславенства на галаве таго, хто продае. 27 Хто імкнецца да дабра, той шукае зычлівасьці, а хто шукае зла, да таго яно прыйдзе. 28 Хто спадзяецца на багацьце сваё, упадзе, а праведнікі, як лісьце, зелянеюць. 29 Хто руйнуе дом свой, атрымае ў спадчыну вецер, і неразумны будзе слугою мудрага сэрцам. 30 Плод праведнага — дрэва жыцьця, і мудры здабывае душы. 31 Вось, праведнік будзе мець адплату на зямлі, пагатоў бязбожнік і грэшнік. |