Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ВЫСЛОЎІ 12 - Біблія (пераклад А.Бокуна)


Разьдзел 12

1 Хто любіць настаўленьне, любіць веданьне, а хто ненавідзіць дакараньне, той дурань.

2 Добры знойдзе ласку ў ГОСПАДА, але чалавека зламыснага Ён асудзіць.

3 Ня будзе стаяць чалавек бязбожнасьцю, а корань праведных не захістаецца.

4 Дабрадзейная жонка — карона для мужа свайго, а бессаромная — як гніль у костках ягоных.

5 Думкі праведных слушныя, намеры бязбожнікаў падступныя.

6 Словы бязбожнікаў цікуюць на кроў, але вусны правых ратуюць іх.

7 Паваленыя бязбожнікі, і няма іх, а дом праведных будзе стаяць.

8 Хваляць чалавека паводле розуму ягонага, але той, хто мае ліхое сэрца, будзе пагарджаны.

9 Лепей быць простым і працаваць на сябе, чым выдаваць сябе за паважнага і ня мець хлеба.

10 Праведнік рупіцца пра жыцьцё быдла свайго, а нутро бязбожных бязьлітаснае.

11 Хто абрабляе зямлю сваю, той насыціцца хлебам, а хто ганяецца за марнасьцю, той ня мае розуму.

12 Бязбожнік жадае [злавіць у] пасткі ліхоцьця, а корань праведных прыносіць [плод].

13 Ліхадзей заблытаецца праз правіны вуснаў сваіх, а праведнік выйдзе з бяды.

14 З плоду вуснаў сваіх чалавек насыціцца дабром, і праца рук чалавека зьвернецца да яго.

15 Шлях неразумнага слушны ў вачах ягоных, але мудры той, хто слухае параду.

16 Гнеў неразумнага выяўляецца адразу, а разумны хавае зьнявагу.

17 Хто дыхае праўдаю, той выкажацца праведна, а сьведка фальшывы хлусіць.

18 Ёсьць такі, што лапоча і раніць, як мечам, а язык мудрага лечыць.

19 Вусны праўдамоўныя трываць будуць вечна, а язык хлусьлівы — імгненьне.

20 Ашуканства ў сэрцы тых, якія задумляюць ліхоту, а ў тых, якія радзяць мір, — радасьць.

21 Не спаткае праведніка нічога благога, а ў бязбожніка будзе поўна няшчасьцяў.

22 Агіда для ГОСПАДА вусны хлусьлівыя, а тыя, што дзейнічаюць сумленна, падабаюцца Яму.

23 Чалавек разумны прыхоўвае веданьне, а сэрца дурняў абвяшчае глупства.

24 Рука руплівых будзе мець уладу, а нядбайныя будуць даньнікамі.

25 Смутак у сэрцы чалавека прыгнятае яго, а добрае слова разьвяселіць яго.

26 Праведнік мае перавагу над бліжнім сваім, а шлях бязбожнікаў зводзіць іх саміх.

27 Гультай не сьпячэ ўпаляванага, а маёмасьць чалавека руплівага каштоўная.

28 На сьцежцы праведнасьці — жыцьцё, і на шляху яе няма сьмерці.

Сачыце за намі:



Аб'явы