ВЫСЛОЎІ 10 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Разьдзел 10 1 Прыповесьці Салямона. Мудры сын — радасьць для бацькі, а дурны сын — смутак для маці. 2 Не прыносяць карысьці скарбы бязбожныя, а праведнасьць ратуе ад сьмерці. 3 Не дазволіць ГОСПАД галадаваць душы праведніка, але адкіне жаданьні бязбожнікаў. 4 Лянівая рука робіць бедным, а рука працавітая ўзбагачае. 5 Хто летам зьбірае, той сын разважлівы, а хто сьпіць у жніво — сын ганебны. 6 Дабраславенствы — на галаве праведнага, а вусны бязбожнікаў хаваюць няправасьць. 7 Памяць пра праведніка дабраслаўлёная, а імя бязбожнікаў спарахнее. 8 Мудры сэрцам прыймае прыказаньні, а той, хто мае вусны неразумныя, упадзе. 9 Хто ходзіць беззаганна, той ходзіць бясьпечна, а хто крывіць шляхі свае, будзе выяўлены. 10 Хто міргае вачыма, той робіць прыкрасьць, і той, хто мае вусны неразумныя, упадзе. 11 Вусны праведніка — крыніца жыцьця, а вусны бязбожнікаў хаваюць няправасьць. 12 Нянавісьць выклікае сваркі, а любоў пакрывае ўсе правіны. 13 У вуснах разумнага знаходзіцца мудрасьць, а кій — на сьпіне бязглуздага. 14 Мудрыя захоўваюць веданьне, а вусны неразумнага вядуць да загубы. 15 Маёмасьць багатага — умацаваны горад для яго, загуба для бедных — галеча іхняя. 16 Праца праведніка вядзе да жыцьця, набытак бязбожніка — да грэху. 17 На сьцежцы жыцьця той, хто прыймае настаўленьне, а хто адкідае дакараньне — блукае. 18 Хто хавае нянавісьць, у таго вусны хлусьлівыя, а хто паклёп разносіць, той дурань. 19 У мностве словаў не пазьбегнеш грэху, а хто стрымлівае вусны свае, той разважлівы. 20 Язык праведніка — адборнае срэбра, а сэрца бязбожніка нічога ня вартае. 21 Вусны праведнага пасьвяць многіх, а бязглуздыя паміраюць ад нястачы розуму. 22 Дабраславенства ад ГОСПАДА, яно ўзбагачае, і смутку з сабою не прыносіць. 23 Радасьць для дурня — учынкі ганебныя, а чалавек разумны [радуецца] мудрасьці. 24 Тое, чаго баіцца бязбожнік, прыйдзе на яго, а прагненьні праведных споўняцца. 25 Калі пранясецца віхура, ня будзе больш бязбожніка, а праведнік мае вечны падмурак. 26 Як воцат для зубоў і як дым для вачэй, так гультай для тых, што яго пасылаюць. 27 Страх перад ГОСПАДАМ памнажае дні, а гады бязбожнікаў скароцяцца. 28 Чаканьне праведнікаў — радасьць, а спадзяваньне бязбожнікаў загіне. 29 Шлях ГОСПАДАЎ — апора для беззаганных і загуба для злачынцаў. 30 Праведнік не пахісьнецца навекі, а бязбожнікі ня будуць жыць на зямлі. 31 Вусны праведніка памнажаюць мудрасьць, а язык падступны будзе адсечаны. 32 Вусны праведніка ведаюць, што даспадобы [Богу], а ў вуснах бязбожнікаў — падступнасьць. |