Ёў 361 І працягваў Элігу, і сказаў: 2 «Пачакай мяне трохі, і я пакажу табе, што маю яшчэ словы пра Бога. 3 Пачну здалёк навучаньне маё, і Творцу майму аддам праведнасьць. 4 Бо праўдзівыя і без падману словы мае, і з табою я дасканалы ў веданьні. 5 Вось, Бог магутны і не адкідае нікога, Ён магутны моцай сэрца. 6 Ён не дае жыць бязбожніку, але дае суд убогаму. 7 Не адварочвае Ён ад праведных вачэй Сваіх, але саджае іх з валадарамі на пасадзе назаўжды, і яны ўзвышаюцца. 8 І калі яны закаваныя ў кайданы і зьвязаныя путамі гора, 9 Ён паказвае ім учынкі іхнія і злачынствы іхнія, што яны памножыліся. 10 І Ён адкрывае вуха іхняе, каб навучыць іх, і гаворыць ім, каб адвярнуліся ад ліхоты. 11 Калі паслухаюцца і будуць служыць Яму, яны пражывуць дні свае ў дабрабыце і гады свае — у прыемнасьці. 12 А калі не паслухаюцца, тады загінуць ад дзіды і памруць з нястачы веданьня. 13 Крывадушнікі складаюць гнеў у сэрцы сваім і ня клічуць [Бога], калі Ён закоўвае іх [у кайданы]. 14 У марнасьці памірае душа іхняя і жыцьцё іхняе між распусьнікамі. 15 Ён ратуе ўбогага з уціску ягонага і адкрывае вуха ягонае ў трывозе. 16 Таксама цябе Ён выбавіць з цясноты на прастору, дзе няма ўціску, і будзе поўнае тлушчу ўсё на стале тваім. 17 Але ты поўны меркаваньняў бязбожных, і чакаюць цябе суд і вырак. 18 Няхай не зьвядзе цябе гнеў, і вялікі выкуп няхай ня скрывіць [шляхоў] тваіх. 19 Ці ў няшчасьці крык твой дапаможа або намаганьні сілы тваёй? 20 Не жадай тае ночы, калі народы паднімаюцца з месцаў сваіх. 21 Сьцеражыся, каб не зьвярнуўся да злачынства, бо праз яго ты спазнаеш гора. 22 Вось, Бог узьвялічаны ў моцы Сваёй. Які настаўнік падобны да Яго? 23 Хто можа вызначыць шляхі Ягоныя? І хто можа сказаць Яму: “Ты ўчыніў зло”? 24 Памятай, каб услаўляць учынкі Ягоныя, пра якія сьпяваюць людзі. 25 Усе людзі бачаць гэта, кожны прыглядаецца здалёк. 26 Вось, Бог вялікі і перавышае веданьне нашае; лік гадоў Ягоных — неаблічальны. 27 Ён зьбірае кроплі вады, і падаюць яны дажджом з хмары Ягонай. 28 Яны цякуць з хмараў і выліваюцца на многіх людзей. 29 Хто можа разумець разьлегласьць аблокаў і грымоты намёту Ягонага? 30 Вось, Ён расьцягнуў вакол Сябе сьвятло Сваё і закрывае глыбіні мора. 31 Адтуль Ён судзіць народы, і шчодра корміць іх. 32 У руках Сваіх Ён трымае маланку і загадвае ёй, куды цэліць. 33 Грукат ейны паведамляе пра яе, нават статкі адчуваюць прыход яе. |