1 І быў адзін чалавек, магутны чалавек з роду Бэньяміна, на імя Кіс, сын Абіэля, сына Сэрора, сына Бэхарата, сына Апія, сына Бэньяміна. 2 І быў у яго сын імем Саўл, прыгожы і сумленны, і не было сярод сыноў Ізраэля лепшага за яго; ён быў на галаву вышэй за ўвесь народ. 3 А ў Кіса, бацькі Саўла, прапалі асліцы, і сказаў Кіс Саўлу, сыну свайму: «Вазьмі з сабой аднаго з паслугачоў, устань і ідзі, і шукай асліц». Калі ён прайшоў праз гару Эфраім 4 і праз зямлю Саліс і не знайшоў, пайшлі яны таксама праз зямлю Саалім, і не было іх, але і па зямлі Еміні прайшлі, і ўсё адно не знайшлі. 5 Калі ж прыйшлі яны ў зямлю Суф, сказаў Саўл слузе свайму, які быў разам з ім: «Хадзем і вернемся, каб бацька мой, страціўшы асліц, не стаў хвалявацца за нас». 6 Паслугач кажа яму: «У гэтым вось горадзе жыве чалавек Божы, чалавек шаноўны. Усё, што ён кажа, — без двухсэнсоўнасці, спаўняецца. Дык давай зойдзем туды, можа, ён пакажа нам дарогу ў справе нашай, дзеля якой мы пайшлі». 7 І сказаў Саўл слузе свайму: «Вось, зойдзем, але што падаруем мы таму чалавеку? Хлеб скончыўся ў торбах нашых, а падарунка не маем, каб маглі прынесці яго чалавеку Божаму. Што ж мы маем?» 8 Паслугач зноў адказаў Саўлу і сказаў: «Вось, знайшоў я ў руцэ маёй чвэрць сікля срэбра; дадзім гэта чалавеку Божаму, а ён нам дапаможа ў справе нашай». 9 Калісьці ў Ізраэлі кожны, хто ішоў параіцца з Богам, так казаў: «Хадземце і пойдзем да таго, хто бачыць»; бо хто сёння называецца прарокам, калісьці называўся тым, хто бачыць. 10 І сказаў Саўл слузе свайму: «Добра сказаў ты, давай пойдзем». І пайшлі яны ў горад, у якім жыў чалавек Божы. 11 І калі яны падняліся на ўзвышша, на якім стаяў горад, напаткалі дзяўчат, што выходзілі чэрпаць ваду, і спыталіся ў іх: «Ці тут жыве той, хто бачыць?» 12 Яны, адказваючы, сказалі ім: «Тут: вось, перад табой; паспяшайся цяпер, бо сёння прыйшоў ён у горад, бо сёння народ складае ахвяру на ўзгорку. 13 Калі ўвойдзеце ў горад, адразу ж сустрэнеце яго, перш чым ён пойдзе частавацца на ўзгорак; бо народ не есць, пакуль ён не прыйдзе; бо ён дабраслаўляе ахвяру, і тады толькі ядуць запрошаныя. Дык ідзіце, бо зараз жа яго сустрэнеце». 14 І падняліся яны ў горад. І калі ўвайшлі яны ў горад, з’явіўся Самуэль, што ішоў насустрач ім, каб падняцца на ўзгорак. 15 Госпад жа аб’явіў Самуэлю на дзень раней, перад прыбыццём Саўла, кажучы: 16 «Заўтра ў гэтую самую пару, як і зараз, пашлю да цябе чалавека з зямлі Бэньяміна, і ты памажаш яго на цара народа Майго Ізраэля, і ён вызваліць народ Мой з рук філістынцаў, бо ўзглянуў Я на народ мой; бо лямант яго дайшоў да Мяне». 17 І калі Самуэль глянуў на Саўла, Госпад сказаў яму: «Вось, той чалавек, пра якога Я казаў табе; ён будзе валадаром над народам Маім». 18 Саўл жа падышоў да Самуэля ў сярэдзіне брамы і сказаў: «Пакажы мне, прашу, дзе ёсць дом таго, хто бачыць?» 19 І Самуэль адказаў Саўлу, кажучы: «Я той, хто бачыць. Ідзі перада мною на ўзгорак, каб падсілкавацца сёння са мною. І адпушчу цябе раніцай, і скажу табе ўсё, што ў сэрцы тваім; 20 і аб асліцах, якіх ты страціў тры дні таму, не клапаціся, бо яны знайшліся. І каму будзе належаць усё найлепшае ў Ізраэлі? Ці ж не табе і ўсяму дому бацькі твайго?» 21 Адказваючы ж, Саўл сказаў яму: «Ці ж я не бэньямінец, з найменшага пакалення ізраэльскага? І род мой ці не апошні з усіх родаў пакалення Бэньяміна? Дык чаму ты гаворыш мне гэтае слова?» 22 І Самуэль, узяўшы Саўла і паслугача яго, увёў іх у пакой і даў ім месца на чале запрошаных, бо іх было каля трыццаці чалавек. 23 І сказаў Самуэль кухару: «Падай тую частку, якую я даў табе і загадаў, каб ты адклаў яе асобна ў сябе». 24 А кухар узяў сцягно і хвост, і паклаў перад Саўлам. І сказаў Самуэль: «Вось тое, што засталося; пакладзі перад сабой і еж, бо гэта з прадбачнасці захавана для цябе, калі я паклікаў людзей». І ў той дзень елі Саўл з Самуэлем. 25 І сышлі яны з узгорка ў горад. І паслалі Саўлу на даху, і спаў ён. 26 І калі раніцай яны ўсталі, і ўжо развіднела, паклікаў Самуэль Саўла на даху, кажучы: «Уставай, я цябе правяду». І ўстаў Саўл. І выйшлі яны абодва, значыць ён і Самуэль. 27 І, калі падыходзілі яны да канца горада, Самуэль сказаў Саўлу: «Скажы паслугачу, каб пайшоў перад намі»; і ён пайшоў, — «Ты ж зараз трохі спыніся, каб я сказаў табе слова Госпада». |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)