Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

1 ЦАРСТВАЎ 8 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 Калі Самуэль пастарэў, то ўстанавіў суддзямі Ізраэля сваіх сыноў.

2 І першародны яго сын называўся Ёэль, а імя другога было Абія; судзілі яны ў Бээр-Сэбе.

3 І сыны яго не ішлі яго дарогамі, але збочылі з іх з-за хцівасці, і бралі хабары, і псавалі суд.

4 Дык, сабраўшыся, усе старэйшыны Ізраэля пайшлі да Самуэля ў Раму

5 і сказалі яму: «Вось, ты пастарэў, а сыны твае не ідуць па дарогах тваіх; такім чынам, устанаві нам цяпер цара, каб ён судзіў нас, як маюць усе народы».

6 І не спадабалася гэтае слова Самуэлю, бо яны казалі: «Дай нам цара, каб ён нас судзіў». І маліўся Самуэль Госпаду.

7 А Госпад сказаў Самуэлю: «Паслухай голас народа ва ўсім, што гавораць табе; бо не ад цябе адварочваюцца яны, але адварочваюцца ад Мяне, каб Я не валадарыў над імі.

8 Паводле ўсіх спраў сваіх, якія рабілі яны з таго дня, як Я вывеў іх з Егіпта, аж да сённяшняга дня, калі пакінулі Мяне і пачалі служыць багам чужым, таксама так робяць і табе.

9 Дык цяпер выслухай слова іх; толькі ўведамі іх і папярэдзь іх аб праве цара, які мае над імі валадарыць».

10 Такім чынам, Самуэль пераказаў народу ўсе словы Госпада, бо народ дамагаўся ад яго цара,

11 і казаў: «Такое права цара, які мае над вамі валадарыць: ён возьме сыноў вашых і пасадзіць у калясніцы свае, і зробіць сабе коннікаў, і будуць яны бегчы перад яго калясніцай;

12 і ўстановіць сабе тысячнікаў, і сотнікаў, і аратых земляў сваіх, і жняцоў пасеваў, і кавалёў зброі і калясніц сваіх.

13 А дачок вашых зробіць сабе складальніцамі духмянасцей, і кухаркамі, і пекаркамі.

14 І забярэ ён найлепшыя вашыя землі, вінаграднікі і маслінавыя гаі, і падарыць іх паслугачам сваім.

15 Але і пасевы вашыя і прыбыткі з вінаграднікаў абкладзе дзесяцінай, каб аддаць яе сваім еўнухам і паслугачам.

16 Возьме таксама паслугачоў вашых і нявольніц, і найлепшых валоў вашых і аслоў і выкарыстае іх у працы сваёй.

17 Абложыць ён дзесяцінай статкі вашыя, і будзеце вы ў яго паслугачамі.

18 І будзеце наракаць у той дзень на цара вашага, якога выбралі сабе, але Госпад не выслухае вас у той дзень».

19 А народ не хацеў слухаць слова Самуэля, але казалі яны: «Ніякім чынам! Бо няхай цар будзе над намі,

20 і будзем мы жыць так, як жывуць іншыя народы; і цар наш будзе судзіць нас, і будзе выходзіць перад намі, і будзе ён ваяваць за нас».

21 І Самуэль выслухаў усе словы народа, і пераказаў іх Госпаду.

22 А Госпад сказаў Самуэлю: «Выслухай слова іх і ўстанаві над імі цара». І сказаў Самуэль людзям Ізраэля: «Вяртайцеся кожны ў свой горад».

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы