1 ЦАРСТВАЎ 10 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 І ўзяў Самуэль пасудзіну з алеем, і выліў на яго галаву, і, пацалаваўшы яго, сказаў: «Вось, памазаў цябе Госпад на кіраўніка над народам Сваім, над Ізраэлем. І ты будзеш кіраваць народам Госпадавым, і ты вызваліш яго з рук ворагаў яго, якія яго абкружаюць. І гэта табе знак, бо памазаў цябе Бог на кіраўніка над спадчынай Яго: 2 калі пойдзеш сёння ад мяне, сустрэнеш двух чалавек каля магілы Ракелі, у межах Бэньяміна, і яны скажуць табе: “Знайшліся асліцы, якіх ты пайшоў шукаць; і бацька твой, забыўшыся пра асліц, хвалюецца за вас і кажа: “Што зрабіў я з сынам маім?” 3 І калі пойдзеш адтуль, і далей пройдзеш, і прыйдзеш да дуба ў Таборы, там сустрэнуць цябе трое мужчын, што ідуць у Бэтэль да Бога: адзін будзе несці трох казлянят, і другі будзе несці тры круглыя хлябы, і трэці будзе несці бурдзюк віна. 4 І калі прывітаюць яны цябе, дадуць табе два боханы хлеба, і ты возьмеш іх з рук іх. 5 Затым прыйдзеш на ўзгорак Божы, дзе знаходзіцца стаянка філістынцаў. Калі ўвойдзеш там у горад, сустрэнеш грамаду прарокаў, што сыходзяць з узгорка, і перад імі арфы, тымпаны, бубны і гуслі, і самі яны будуць прарочыць. 6 І ўвойдзе ў цябе Дух Госпадаў, і ты будзеш прарочыць разам з імі, і ператворышся ў другога чалавека. 7 Такім чынам, калі здзейсняцца для цябе ўсе гэтыя знакі, зрабі, што зможа рука твая, бо Госпад будзе з табою. 8 І пойдзеш ты перада мной у Галгал. А я прыйду да цябе, каб скласці ахвяры цэласпалення і каб прынесці ахвяру прымірэння. Чакай сем дзён, аж пакуль я прыйду да цябе і навучу цябе, што маеш рабіць». 9 І як толькі Саўл павярнуўся, каб адысці ад Самуэля, Бог змяніў сэрца яго на іншае, і ў той дзень здзейсніліся ўсе гэтыя знакі. 10 І прыйшлі яны адтуль у Габу, і вось, грамада прарокаў выйшла насустрач яму; і сышоў на яго Дух Божы, і ён стаў прарарочыць між іх. 11 Калі ж усе, хто яго ведаў учора і заўчора, убачылі, што ён знаходзіцца з прарокамі і прарочыць, пыталіся адзін у аднаго: «Што гэта сталася з сынам Кіса? Няўжо і Саўл між прарокаў?» 12 І адазваўся чалавек тутэйшы, кажучы: «А хто іх бацька?» Таму нарадзілася прымаўка: «Ці і Саўл між прарокамі?» 13 А ён перастаў прарочыць і пайшоў на ўзгорак, 14 і спытаўся дзядзька Саўла ў яго і ў паслугача яго: «Куды вы хадзілі?» Ён адказаў: «Шукаць асліц; калі іх не знайшлі, пайшлі мы да Самуэля». 15 І сказаў яму дзядзька яго: «Скажы мне, што сказаў табе Самуэль?» 16 І адказаў Саўл дзядзьку свайму: «Ён паведаміў нам, што знайшліся асліцы». А адносна размовы аб цараванні, што гаварыў яму Самуэль, не сказаў яму. 17 І склікаў Самуэль народ да Госпада ў Міцпу, 18 і сказаў сынам Ізраэля: «Гэта кажа Госпад, Бог Ізраэля: Я вывеў Ізраэль з Егіпта і Я выратаваў вас з рук егіпцянаў і з рук усіх царстваў, якія чынілі вам шкоду. 19 А вы сёння адкінулі Бога вашага, Які ратаваў вас ад усякіх бед і трывог вашых, і сказалі: “Не трэба, але пастаў над намі цара!” Дык цяпер станьце перад Госпадам па пакаленнях вашых і па родах». 20 І прывёў Самуэль усе пакаленні Ізраэля; і выпала жэрабя пакаленню Бэньяміна. 21 І прывёў ён пакаленне Бэньяміна і роды яго; і жэрабя выпала роду Мэтры, і дайшло аж да Саўла, сына Кіса. І шукалі яго, і не маглі знайсці. 22 І потым пыталіся ў Госпада, ці той чалавек прыбыў сюды. І Госпад адказаў: «Вось, ён хаваецца ў лагеры». 23 Дык пабеглі за ім і прывялі яго адтуль; і стаў ён пасярод народа, і быў вышэйшы за ўвесь народ на галаву. 24 І сказаў Самуэль усяму народу: «Вы бачыце ясна, каго выбраў Госпад. Бо няма яму роўнага ва ўсім народзе». І ўвесь народ усклікнуў і сказаў: «Хай жыве цар!» 25 Самуэль жа абвясціў народу закон царавання, і запісаў гэта ў кнізе, і паклаў яе перад Госпадам; і адпусціў Самуэль увесь народ, кожнага — у дом яго. 26 Але і Саўл пайшоў у дом свой у Габе; і праводзілі яго мужныя ваяры, да сэрцаў якіх дакрануўся Бог. 27 А сыны Бэліяла казалі: «Ці зможа ён нас выратаваць?» І пагардзілі ім, і не прынеслі яму падарункаў, але ён не звяртаў на гэта ўвагі. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)