Біблія онлайн

Аб'явы

Усю біблію Стары Запавет Новы Запавет


ЯНА 8 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года) Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)
ЯНА 8

1 А Ісус пайшоў на Аліўную гару.

2 А на світанні вярнуўся зноў у святыню, і ўвесь народ падышоў да Яго, і, сеўшы, Ён навучаў іх.

3 Тут прывялі кніжнікі і фарысеі да Яго жанчыну, схопленую на чужаложстве, і паставілі яе на сярэдзіне

4 ды кажуць Яму: «Настаўнік, гэтую жанчыну схапілі [толькі што] на чужаложстве.

5 Майсей у законе загадаў нам такіх каменаваць. Дык Ты што скажаш?»

6 Казалі ж гэта, выпрабоўваючы Яго, каб мець магчымасць абвінаваціць Яго. А Ісус, нахіліўшыся, нешта пісаў пальцам на зямлі.

7 Калі, аднак, не пераставалі пытацца ў Яго, падняўся і сказаў ім: «Хто з вас без граху, няхай першы кіне ў яе камень».

8 І зноў, нахіліўшыся, пісаў на зямлі.

9 Яны ж, пачуўшы гэта, дакараныя ў сумленні, адзін за адным выходзілі, пачынаючы ад старэйшых да апошніх, ды застаўся толькі Ён адзін і жанчына, стоячы на сярэдзіне.

10 Падняўшыся і нікога не ўбачыўшы, акрамя жанчыны, Ісус сказаў ёй: «Жанчына, дзе ж твае абвінаваўцы? Ніхто цябе не асудзіў?»

11 Адказала яна: «Ніхто, Госпадзе». Дык Ісус сказаў ёй: «І Я цябе не асуджаю. Ідзі і болей не грашы».

12 Затым зноў пачаў прамаўляць да іх Ісус, кажучы: «Я святло свету, хто ідзе за Мной, не ходзіць у цемры, але будзе мець святло жыцця».

13 Дык сказалі Яму фарысеі: «Ты Сам аб Сабе сведчыш; сведчанне Тваё непраўдзівае».

14 Адказаў Ісус і сказаў ім: «Калі нават Я сведчу пра Сябе, праўдзівае сведчанне Маё, бо ведаю, адкуль прыйшоў і куды іду; а вы не ведаеце, адкуль прыходжу і куды іду.

15 Вы судзіце паводле цела, а Я не суджу нікога.

16 А калі Я суджу, суд Мой праўдзівы, бо Я не адзін, але Я і Айцец, Які Мяне паслаў.

17 Дый у законе вашым напісана, што сведчанне двух людзей праўдзівае.

18 Я Той, Хто Сам аб Сабе сведчыць, і сведчыць пра Мяне Айцец, Які Мяне паслаў».

19 Дык сказалі Яму: «А дзе ж Твой Айцец?» Адказаў Ісус: «Вы ані Мяне не ведаеце, ані Айца Майго; бо калі б вы Мяне ведалі, ведалі б і Айца Майго».

20 Гэтыя словы выказаў Ісус, навучаючы ў святыні пры скарбонцы; і ніхто не ўзяў Яго, бо яшчэ не надышла гадзіна Яго.

21 І зноў сказаў Ісус ім: «Я адыходжу, вы ж шукаць Мяне будзеце і памраце ў граху вашым. Куды Я іду, вы пайсці не можаце».

22 Дык казалі юдэі: «Няўжо Ён заб’е Сам Сябе, што кажа: Куды Я іду, вы не можаце пайсці?»

23 І Ён адказаў ім: «Вы – ад нізу, а Я – з вышыні; вы – з гэтага свету, а Я – не з гэтага свету.

24 Вось чаму Я вам сказаў, што памраце ў вашых грахах; бо, калі не паверыце, што Я ёсць, – памраце ў грахах вашых».

25 Дык казалі Яму: «Хто Ты?» Сказаў ім Ісус: «Той, Хто ад пачатку, менавіта так вам і гавару.

26 Маю пра вас шмат гаварыць і судзіць; але Той, Хто Мяне паслаў, праўдзівы, і Я тое, што ад Яго чуў, абвяшчаю свету».

27 Аднак не зразумелі, што гаварыў Ён ім пра Айца.

28 Сказаў ім тады Ісус: «Калі падымеце Сына Чалавечага, тады пазнаеце, што Я ёсць, ды што Сам ад Сябе нічога не раблю, але тое абвяшчаю, чаму Мяне навучыў Айцец.

29 Той, Хто Мяне паслаў, ёсць са Мной; Айцец не пакінуў Мяне аднаго, бо Я раблю заўсёды тое, што Яму падабаецца».

30 Калі Ён гэта казаў, многія паверылі ў Яго.

31 Казаў затым Ісус да тых юдэяў, якія ў Яго паверылі: «Калі вы вытрываеце ў слове Маім, станецеся сапраўды Маімі вучнямі

32 і пазнаеце праўду, а праўда вас вызваліць».

33 Адказалі Яму: «Мы – нашчадкі Абрагама, і мы ніколі нікому не служылі. Як жа Ты кажаш: “Будзеце свабодныя”?»

34 Адказаў ім Ісус: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: кожны, хто чыніць грэх, ёсць нявольнік граху.

35 Але нявольнік не жыве ў доме вечна; Сын жа жыве вечна.

36 Таму, калі Сын вас вызваліць, сапраўды свабоднымі будзеце.

37 Ведаю, што вы – нашчадкі Абрагама; але імкняцеся Мяне забіць, таму што слова Маё не дасягае вас.

38 Я абвяшчаю тое, што Я бачыў у Айца Майго; а вы робіце тое, што вы чулі ад айца вашага».

39 Адказалі яны і сказалі Яму: «Бацька наш Абрагам». Кажа ім Ісус: «Калі б вы былі сыны Абрагама, рабілі б справы Абрагама.

40 А вы імкнецеся цяпер Мяне забіць, Чалавека, Які вам абвяшчаў праўду, якую пачуў ад Бога; гэтага Абрагам не рабіў!

41 Але вы робіце справы бацькі вашага». Сказалі тады Яму: «Мы – не народжаныя ў чужаложстве: аднаго маем Айца – Бога».

42 Сказаў ім Ісус: «Калі б Бог быў вашым Айцом, любілі б вы Мяне; бо Я ад Бога выйшаў і іду, і не Сам ад Сябе прыходжу, але Ён Мяне паслаў.

43 Чаму вы гэта мовы Маёй не разумееце? Бо вы не здольны слухаць словы Мае.

44 Вы ёсць ад бацькі вашага – д’ябла і жаданні бацькі вашага выконваць хочаце. Ён быў забойцам ад пачатку і ў праўдзе не вытрываў, бо няма ў ім праўды. Калі гаворыць хлусню, гаворыць ад сябе, бо ён – хлус і бацька сваёй хлусні.

45 А як Я праўду кажу, не верыце Мне.

46 Хто з вас абвінаваціць Мяне ў граху? Калі Я вам праўду кажу, чаму Мне не верыце?

47 Хто ад Бога, той словы Божыя слухае; а вы таму не слухаеце, што вы не ад Бога».

48 Адказалі юдэі і сказалі Яму: «Ці ж не добра мы кажам, што Ты – самарыцянін і дэмана маеш?»

49 Адказаў Ісус: «Я дэмана не маю, але шаную Айца Майго, а вы Мяне зневажаеце.

50 Я не шукаю Сваёй славы; але ёсць Той, Хто шукае і судзіць.

51 Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі хто зберажэ слова Маё, не ўбачыць смерці вечна».

52 Дык юдэі сказалі Яму: «Цяпер мы пераканаліся, што дэмана маеш. Абрагам памёр, і прарокі, а Ты кажаш: “Калі хто зберажэ слова Маё, не пакаштуе смерці вечна”.

53 Няўжо Ты большы за бацьку нашага Абрагама, які памёр? Нават прарокі паўміралі. Кім Ты Сам Сябе робіш?»

54 Адказаў Ісус: «Калі Я Сам Сябе слаўлю, слава Мая – нішто; ёсць Айцец Мой, Які Мяне славіць, і аб Якім вы кажаце: “Ён – Бог наш!”,

55 але вы не зразумелі Яго. Ды Я Яго ведаю. І, калі б сказаў: “Не ведаю Яго”, быў бы падобным вам хлусам; але ведаю Я Яго і слова Яго захоўваю.

56 Абрагам, бацька ваш, рад быў убачыць дзень Мой, і ўбачыў, і ўсцешыўся».

57 Сказалі Яму юдэі: «Пяцьдзясят гадоў яшчэ не маеш і бачыў Абрагама?»

58 Сказаў ім Ісус: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: перш чым Абрагам быў, Я ёсць».

59 Дык юдэі схапілі камяні, каб кідаць у Яго, але Ісус скрыўся і выйшаў са святыні, прайшоўшы між імі, і пайшоў далей.

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)