1 На пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Богам было Слова. 2 Яно было на пачатку ў Бога. 3 Усё праз Яго сталася, і без Яго не сталася нічога з таго, што сталася; 4 у Ім было жыццё, і жыццё было святлом людзей, 5 і святло ў цемры свеціць, і цемра не агарнула яго. 6 Быў чалавек, пасланы Богам, якому імя было Ян; 7 ён прыйшоў на сведчанне, каб прадставіць сведчанне аб Святле, каб усе паверылі праз яго. 8 Не быў ён святлом, але [прыйшоў,] каб прадставіць сведчанне аб Святле. 9 Было праўдзівае Святло, Якое асвятляе кожнага чалавека, што прыходзіць у свет. 10 Яно было ў свеце, і свет праз Яго стаўся, і свет Яго не пазнаў. 11 Прыйшло Яно да сваіх, і свае Яго не прынялі. 12 А тым, якія Яго прынялі, дало магутнасць стацца сынамі Божымі, тым, што вераць у імя Яго, 13 якія не з крыві, ані з жадання цела, ані з жадання мужа, але з Бога нарадзіліся. 14 І Слова сталася целам, і пасялілася між намі, і мы бачылі славу Яго, славу як Адзінароднага ад Айца, – поўнае ласкі і праўды. 15 Ян дае сведчанне аб Ім і заклікае, кажучы: «Гэта быў Той, пра Якога я сказаў: Які па мне мае прыйсці, перада мною стаў, бо перш за мяне быў». 16 І з паўнаты Яго ўсе мы ўзялі, і ласку за ласку; 17 бо закон быў дадзены праз Майсея, а ласка і праўда сталіся праз Ісуса Хрыста. 18 Бога ніхто ніколі не бачыў; Адзінародны Сын, Які ва ўлонні Айца, Ён Сам з’явіў. 19 І вось сведчанне Яна, калі юдэі з Ерузаліма паслалі да яго святароў і левітаў, каб у яго спыталіся: «Хто ты?» 20 І прызнаўся, і не запярэчыў; і прызнаўся: «Я не Хрыстос». 21 Дык пыталіся ў яго: «Дык што? Ты мо Ілля?» І кажа: «Не». «Дык ты прарок?» І адказвае: «Не». 22 Дык сказалі яны яму: «Хто ж ты, каб мы маглі даць адказ тым, што нас паслалі. Што ты кажаш сам пра сябе?» 23 Ён гаворыць: «Я – голас лямантуючага ў пустыні: “Рыхтуйце дарогу Госпаду”, як сказаў прарок Ісая». 24 А пасланцы былі з фарысеяў, 25 і сказалі яму: «Чаму тады хрысціш, калі ты не Хрыстос, не Ілля, ані прарок?» 26 Адказаў ім Ян, кажучы: «Я хрышчу вадою; але пасярод вас паўстаў Той, Каго вы не ведаеце, 27 Які па мне ідзе, але наперадзе мяне быў, Якому я не варты развязаць рамень пасталоў Яго». 28 Гэта адбылося ў Бэтаніі за Ярданам, дзе Ян хрысціў. 29 Назаўтра ўбачыў Ян Ісуса, што ішоў да яго, і гаворыць: «Вось, Ягня Божае, Той, Хто бярэ на Сябе грэх свету. 30 Гэта Той, пра Якога я сказаў: пасля мяне прыходзіць Чалавек, Які стаў перада мной, бо быў раней за мяне. 31 І я не ведаў Яго, але дзеля таго прыйшоў я, хрысцячы вадой, каб мог Ён аб’явіцца Ізраэлю». 32 І прадставіў Ян сведчанне, кажучы: «Бачыў я Духа, што сыходзіў з неба, як голуб, і Ён застаўся на Ім; 33 і я Яго не ведаў, але Той, Хто мяне паслаў хрысціць вадою, сказаў мне: “На Каго ўбачыш, што Дух сыходзіць і застаецца на Ім, гэта Той, Хто хрысціць Духам Святым”. 34 І гэта я сам бачыў і сведчу, што Ён – Сын Божы». 35 На другі дзень зноў стаяў Ян і два вучні яго, 36 і, зірнуўшы на Ісуса, Які праходзіў міма, Ян кажа: «Вось Ягня Божае». 37 Дык пачулі Яго два вучні, як ён гэта казаў, і пайшлі за Ісусам. 38 Ісус, павярнуўшыся і ўбачыўшы, што яны ідуць, кажа ім: «Што шукаеце?» Яны сказалі Яму: «Рабі, – што ў перакладзе значыць Настаўнік, – дзе жывеш?» 39 Кажа ім: «Ідзіце і ўбачыце». Дык пайшлі і ўбачылі, дзе жыў, і засталіся той дзень з Ім, а было блізу гадзіны дзясятай. 40 А адным з двух, што пачулі ад Яна і пайшлі за Ім, быў Андрэй, брат Сімона Пётры. 41 Ён знаходзіць перш брата свайго Сімона і кажа яму: «Знайшлі мы Месію», што значыць – Хрыста, 42 і прывёў яго да Ісуса. А Ісус, глянуўшы на яго, сказаў: «Ты Сімон, сын Ёны; будзеш называцца Кіфа, што значыць Пётра». 43 Назаўтра Ісус маніўся ісці ў Галілею ды знаходзіць Піліпа. І кажа яму Ісус: «Ідзі за Мною». 44 А Піліп быў з Бэтсайды, горада Андрэя і Пётры. 45 Піліп жа знаходзіць Натанаэля і кажа яму: «Мы знайшлі Таго, аб Кім пісаў Майсей у законе і прарокі: Ісуса, Сына Язэпа з Назарэта». 46 І сказаў яму Натанаэль: «Ці можа быць што добрае з Назарэта?» Кажа яму Піліп: «Ідзі і паглядзі». 47 Убачыў Ісус, што Натанаэль ідзе да Яго, і кажа пра яго: «Вось праўдзівы ізраэлец, у якім няма хітрасці». 48 Натанаэль кажа Яму: «А скуль жа мяне ведаеш?» Адказваючы, сказаў яму Ісус: «Я бачыў цябе перш, чым пазваў цябе Піліп, калі ты быў пад фігавым дрэвам». 49 Адказаў яму Натанаэль: «Рабі, Ты – Сын Божы, Ты – Валадар Ізраэля!» 50 Адказаў яму Ісус і сказаў: «Таму, што Я табе сказаў: “Я цябе бачыў пад фігавым дрэвам”, паверыў ты? Болей за гэта ўбачыш». 51 І кажа яму: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: убачыце неба адкрытае і анёлаў Божых, што ўзыходзяць і сыходзяць да Сына Чалавечага». |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)