1 У часы, калі судзілі суддзі, запанаваў голад на зямлі. І адзін чалавек з Бэтлехэма Юдэйскага пайшоў з жонка? сваёй і двума сынамі, каб пасяліцца ў зямлі Мааб. 2 Называўся ён Элімэлех, а жонка яго — Наомі, і два сыны яго, адзін называўся Махалон, а другі — Хеліён; яны былі эфратцамі з Бэтлехэма Юдэйскага. І, прыйшоўшы ў зямлю Мааб, яны там абжыліся. 3 І Элімэлех, муж Наомі, памёр, і засталася яна з сынамі, 4 якія жонкамі ўзялі маабак, адна з якіх называлася Орпа, а другая — Рут; і жылі яны там каля дзесяці гадоў. 5 І памерлі абодва, Махалон, зразумела, і Хеліён; і засталася жанчына тая, перажыўшы мужа і абодвух сыноў. 6 І ўстала тады яна, каб з абедзвюма нявесткамі з зямлі Мааб пайсці ў сваю бацькаўшчыну, бо пачула яна, што Госпад паклапаціўся аб Сваім народзе і даў ім ежу. 7 Такім чынам, выйшла яна з месца пражывання свайго разам з абедзвюма нявесткамі і ўжо ў дарозе, калі вярталіся яны ў зямлю Юдэйскую, 8 сказала яна ім: «Вяртайцеся кожная ў дом маці сваёй; хай так з’явіць вам Госпад Сваю міласэрнасць, як вы абыходзіліся з памерлымі мужамі і са мной: 9 хай дапаможа Ён вам знайсці супакой у дамах мужоў вашых, якія вам прызначаны». І пацалавала іх. Яны пачалі плакаць, падняўшы голас, 10 і казаць: «Пойдзем мы з табой да народа твайго». 11 Яна ім адказала: «Вяртайцеся да сябе, дочкі мае; навошта вам ісці са мною? Я ж не маю болей сыноў ва ўлонні сваім, каб вы маглі чакаць мужоў ад мяне. 12 Вяртайцеся, дочкі мае, ідзіце; я ўжо знясілена старасцю і не падыходжу для шлюбу; калі б нават я змагла гэтай ноччу пачаць і нарадзіць сыноў, 13 ці ж вы хацелі б чакаць і ўстрымацца ад замужжа, пакуль яны падрастуць і дачакаюцца гадоў сталасці? Не ідзіце са мной, прашу, дочкі мае, бо гора маё большае, чым ваша, і паднялася рука Госпадава супраць мяне». 14 Дык, падняўшы голас, яны зноў пачалі плакаць. Орпа пацалавала свякроў і вярнулася, а Рут засталася пры свекрыві сваёй. 15 Наомі сказала ёй: «Вось, сваячка твая вярнулася да народа свайго і да багоў сваіх, ідзі з ёю!» 16 Яна адказала: «Не прымушай мяне, каб пакінула цябе і адышла ад цябе; бо куды б ты ні пайшла, там я пайду, дзе ты будзеш жыць, там і я таксама жыць буду: твой народ будзе маім народам, і твой Бог будзе маім Богам. 17 Якая зямля прыме цябе пасля смерці, у той і я памру і там атрымаю месца для пахавання. Хай мне дасць гэта Госпад і тое дабавіць; хіба толькі смерць 18 Дык Наомі, бачачы, што Рут цвёрда вырашыла ісці з ёю, не пажадала пярэчыць і далей пераконваць яе вяртацца да сваіх. 19 І пайшлі яны разам, і прыйшлі ў Бэтлехэм. Калі яны ўвайшлі ў горад, узварухнуўся з-за іх увесь горад; і казалі жанчыны: «Гэта ж тая Наомі!» 20 Яна казала ім: «Не называйце мяне Наомі, але называйце мяне Мара, бо Усемагутны напоўніў мяне горыччу занадта. 21 Поўная выйшла я, а пустой вярнуў мяне Госпад; дык навошта называць Наомі мяне, якую ўпакорыў Госпад і на якую спаслаў бяду Усемагутны?» 22 Такім чынам, прыйшла Наомі з Рут маабкай, нявесткай сваёй, з зямлі вандравання свайго; і прыйшла ў Бэтлехэм, калі пачыналі жаць ячмень. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)