РУТ 2 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 У Наомі быў сваяк па мужу яе, чалавек багаты і магутны, на імя Баоз. 2 І Рут маабка сказала свекрыві сваёй: «Дазволь, я пайду на поле і буду збіраць каласы, якія пазбеглі рук жней, паўсюль, дзе знайду я ласку да сябе ад мяккасардэчнага галавы сям’і». Наомі адказала ёй: «Ідзі, дачка мая». 3 Дык яна пайшла і збірала каласы за жнеямі. А здарылася, што поле тое мела гаспадара імем Баоз, які быў з роду Элімэлеха. 4 І вось, прыйшоў ён з Бэтлехэма і сказаў жнеям: «Госпад з вамі». Яны адказалі: «Хай дабраславіць цябе Госпад». 5 І сказаў Баоз юнаку, што кіраваў жнеямі: «Чыя гэта дзяўчына?» 6 Ён адказаў: «Гэта маабка, якая з Наомі прыйшла з зямлі Мааб 7 і папрасіла аб тым, каб збіраць пакінутыя каласы, ідучы за жнеямі; і ад раніцы да цяперашняга моманту яна знаходзіцца на полі і толькі зараз зрабіла кароткі адпачынак». 8 І кажа Баоз Рут: «Слухай, дачка: не ідзі больш збіраць каласы на іншае поле і не адыходзь з гэтага месца, а далучыся да маіх дзяўчат. 9 Глядзі, дзе жнуць, і ідзі за імі, бо я загадаў паслугачам, каб ніхто не рабіў табе прыкрасці, а калі будзеш адчуваць смагу, ідзі да пасудзін і напіся вады, якую п’юць паслугачы». 10 Яна, упаўшы на твар свой і пакланіўшыся да зямлі, сказала яму: «Адкуль мне гэта, што я знайшла ласку ў вачах тваіх і што ты звярнуў увагу на чужаземку?» 11 Ён адказаў ёй: «Мне ўсё расказалі: што ты зрабіла для свекрыві сваёй па смерці мужа твайго, і што ты пакінула бацькоў сваіх і зямлю, у якой нарадзілася, і прыбыла да народа, якога раней не ведала. 12 Хай аддзячыць табе Госпад за ўчынак твой, і поўную ўзнагароду атрымаеш ад Госпада, Бога Ізраэля, да Якога ты прыйшла і пад крылы Якога схавалася». 13 Яна кажа: «Знайду я ласку ў вачах тваіх, гаспадар мой, бо ты суцешыў мяне і сказаў да сэрца паслугачкі сваёй, якая не вартая ніводнай з паслугачак тваіх». 14 І ў час падсілкавання сказаў ёй Баоз: «Хадзі сюды і еж хлеб, і макай лусту сваю ў воцат». Дык села яна каля жней, а ён падаў ёй пражанае зерне ячменю, і яна ела і наелася, а рэшткі ўзяла з сабою. 15 А затым устала, каб, як звычайна, збіраць каласы. А Баоз загадаў паслугачам сваім, кажучы: «Хай яна таксама збірае між снапоў, не забараняйце ёй. 16 І нават ад снапоў адкідвайце ёй і дазваляйце заставацца, каб збіраць, і хай ніхто не крычыць на яе». 17 Дык збірала яна каласы ў полі аж да вечара; а калі вымалаціла палкай тое, што сабрала, было ў яе каля эфы ячменю. 18 Узяўшы іх, вярнулася яна ў горад і паказала свекрыві сваёй тое, што сабрала; акрамя таго, аддала ёй рэшткі з ежы сваёй, якой насыцілася. 19 І свякроў сказала ёй: «Дзе ты сёння збірала каласы і дзе працавала? Хай дабраславёны будзе той, хто быў літасцівы да цябе». І расказала яна ёй, у каго працавала, і казала: «Імя мужчыны таго Баоз». 20 Наомі адказала ёй: «Хай дабраславёны будзе Госпадам, бо не адмовіў у ласцы сваёй ані жывым, ані памерлым!» І далей казала: «Гэты чалавек — наш сваяк; ён адзін з тых, што маюць права выкупу за нас». 21 Рут ж дадала: «Таксама ён сказаў мне, каб я далучылася да жнеяў яго да той пары, пакуль не скончаць яны ўсяго жніва». 22 Сказала ёй свякроў: «Лепш, дачка мая, каб ты выходзіла з яго дзяўчатамі жаць, чым ісці на чужое поле, дзе хтосьці табе зробіць прыкрасць». 23 Такім чынам, далучылася яна да дзяўчат Баоза аж да канца жніва ячменю і пшаніцы; і жыла яна са свякроўю сваёй. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)