1 Песня. Псальм сыноў Корэ. Кіраўніку хору. Паводле «Магалат». Для спеваў. Маскіль. Гемана Эзрахіта. 2 Госпадзе, Божа збаўлення майго, на працягу дня клічу, уночы малюся Табе. 3 Няхай дойдзе да Цябе малітва мая; нахілі вуха Тваё да просьбы маёй. 4 Бо напоўнілася ліхам душа мая, і жыццё маё наблізілася да апраметнай. 5 Прыпадобнены я да тых, што сыходзяць у яму, стаўся я, як чалавек без успамогі. 6 Паміж мёртвымі кінутыя, — быццам забітыя, што спачываюць у магілах; пра іх Ты больш не ўспамінаеш, і яны адсечаны ад рукі Тваёй. 7 Ты паклаў мяне ў яме глыбейшай, у цемры і ў цені смерці 8 абцяжарыў мяне гнеў Твой, і ўсе навалы Твае ўзводзіш Ты на мяне. 9 Аддаліў Ты знаёмых маіх ад мяне, закрыты я і не выйду; 10 патухлі мае вочы ад тугі. Клікаў я Цябе, Божа, цэлы дзень, выцягваў да Цябе мае рукі. 11 Ці для мёртвых учыніш цуды? Ці ж паўстануць прывіды і ці ж будуць вызнаваць Цябе? 12 Ці ў магіле будзе хто распавядаць пра міласэрнасць і пра праўду Тваю — у месцы пагібелі? 13 Ці ж будуць пазнаныя ў цемры цуды Твае, а справядлівасць Твая — у зямлі забыцця? 14 А я клікаў Цябе, Госпадзе, і раніцай малітва мая апярэдзіць Цябе. 15 Чаму, Госпадзе, адпіхваеш душу маю і хаваеш аблічча Сваё ад мяне? 16 Бедны я, набліжаюся да смерці ад юнацтва майго, перанёс я жахі Твае і стурбаваўся. 17 Нада мною пранесліся гневы Твае, і страхі Твае забілі мяне. 18 Пачалі кружыць яны каля мяне цэлы дзень, як вада, агарнулі мяне разам. 19 Аддаліў Ты ад мяне прыяцеля і блізкага, і знаёмыя мае — у цемры. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)