Біблія онлайн

Аб'явы

Усю біблію Стары Запавет Новы Запавет


ПСАЛТЫР 74 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года) Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)
ПСАЛТЫР 74

1 Маскіль. Асафа. Чаму, Божа, Ты адпіхнуў нас да скону, няўжо ўзгарэўся гнеў Твой на авечак пашы Тваёй?

2 Успомні пра сход Твой, якім Ты завалодаў ад пачатку. Ты адкупіў жазло спадчыны Тваёй, гару Сіён, на якой Ты пасяліўся.

3 Узнясі крокі Твае да вечных руін: усё знішчыў непрыяцель у святыні.

4 Равуць тыя, што ненавідзяць Цябе, пасярод сходу Твайго; усклалі яны знакі свае як знакі [перамогі].

5 Яны прыпадобнілі сябе да тых, што высока ўзносяць сякеру ў лясным гушчары.

6 Разбілі яны дзверы яе ўшчэнт; зруйнавалі бердышамі і сякерамі.

7 Падпалілі яны агнём свяцілішча Тваё, ганебна скінулі на зямлю хорам імя Твайго;

8 прамовілі яны ў сэрцы сваім: «Знішчым іх усіх разам». Спалілі яны ўсе святыні Божыя на зямлі.

9 Знакаў нашых мы не бачым, ужо няма прарока, і няма ў нас таго, які б ведаў, як доўга гэта будзе.

10 Дакуль жа, Божа, будзе здзекавацца непрыяцель? Ці ж вечна будзе знеслаўляць праціўнік імя Тваё?

11 Чаму ж Ты адводзіш руку Тваю і трымаеш правіцу Тваю за пазухай Тваёй?

12 Але ж Бог — наш цар спрадвеку, учыніў Ён збаўленні пасярод зямлі.

13 Ты рассек мора магуццем Тваім, сцёр галовы драконаў у водах.

14 Ты растаптаў галовы Левіятана, аддаў яго на ежу марскім страшыдлам.

15 Ты прабіў крыніцы і ручаі; Ты высушыў велічныя рэкі.

16 Твой дзень і Твая ноч; Ты змайстраваў свяцілы і сонца.

17 Ты ўсталяваў усе межы зямлі, лета і зіму — Ты стварыў гэта.

18 Помні пра гэта: непрыяцель зняважыў Госпада, і народ неразумны зняславіў імя Тваё.

19 Не аддавай звярам душы тых, што вызнаюць Цябе, і не забудзь навечна пра душы бедных Тваіх.

20 Зірні на запавет, бо сховы зямныя поўныя прыбежышчаў гвалту.

21 Хай пакорлівы не вяртаецца пасаромленым; бедны і ўбогі хай хваляць імя Тваё.

22 Уздыміся, Божа, будзь суддзёю ў справе Тваёй; памятай пра ганьбаванні Твае, якія цэлы дзень спараджае неразумны.

23 Не забывайся на галасы непрыяцеляў Тваіх; заўсёды ўздымаецца гоман праціўнікаў Тваіх.

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)