ПСАЛТЫР 75 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Кіраўніку хору. Паводле «Не знішчай» Псальм. Асафа. Песня. 2 Будзем вызнаваць Цябе, Божа; будзем вызнаваць і прызываць імя Тваё: будзем распавядаць пра цуды Твае. 3 Калі ўстанаўлю час, буду судзіць Я па справядлівасці. 4 Калі расцяклася зямля і ўсе, што жылі на ёй, Я ўмацаваў апоры яе. 5 Я сказаў тым, што выхваляюцца: «Не выхваляйцеся!» і тым, што ўчыняюць злачынствы: «Не ўздымайце рог! 6 Не ўздымайце дагары рог ваш; не прамаўляйце нахабстваў супраць Бога». 7 Бо пыха — ані з усходу, ані з захаду, ані з пустыні. 8 Бо Бог — суддзя: аднаго прынізіць, а другога ўзвялічыць. 9 Бо ў руцэ Госпада — келіх чыстага віна, поўны сумесі. І Ён пераліў з аднаго ў другое; і ўсё ж будуць выпіваць аж да асадку, будуць піць усе грэшнікі зямлі. 10 А я буду абвяшчаць у вяках, буду спяваць Богу Якубаву. 11 І патрушчу я ўсе рогі грэшнікаў; і ўзвысяцца рогі справядлівага. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)