1 Кіраўніку хору. Псальм. Давідаў. 2 Выслухай, Божа, голас мой у роздуме маім; ад страху непрыяцеля ўсцеражы душу маю. 3 Захавай мяне ад зборышча ліхадзеяў, ад мноства тых, што чыняць несправядлівасць. 4 Яны востраць, быццам меч, языкі свае, накіравалі стрэлы свае, атрутныя словы, 5 каб употай працяць стралой беззаганнага. Знянацку стрэляць яны ў яго і не пабаяцца. 6 Умацавалі яны ў сабе нягодны намер. Змовіліся яны, каб патаемна наставіць сеці, сказалі: «Хто ўбачыць іх?» 7 Выдумляюць яны злачынствы, ажыццяўляюць прыдуманыя намеры. Унутранае чалавека і сэрца яго — бездань. 8 І Бог паб’е іх стрэламі; знянацку з’явяцца раны Яго. 9 І зрабіў Ён бяссільнымі языкі іх. Адвернуць галовы ўсе, хто ўбачыць іх. 10 І кожны чалавек будзе баяцца; і будуць абвяшчаць справы Божыя і будуць асэнсоўваць учынкі Яго. 11 Узвесяліцца справядлівы ў Госпадзе і будзе мець у Ім надзею, і ўслаўлены будуць усе праўдзівыя сэрцам. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)