ПСАЛТЫР 63 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Псальм Давідаў. Калі быў ён у пустыні Юдэйскай. 2 Божа, Ты — мой Бог, перад Табою я чуваю ад світання. Сасмягла па Табе душа мая, Цябе запатрабавала цела маё ў зямлі пустыннай, ссохлай і бязводнай. 3 У святыні адкрыў я Цябе, каб убачыць магуцце Тваё і славу Тваю. 4 Бо міласэрнасць Твая лепшая за жыццё. Вусны мае будуць хваліць Цябе. 5 У жыцці маім дабраслаўляю Цябе, у імя Тваё падымаю я рукі мае. 6 Быццам тукам і маслам алівы, насыціцца душа мая, і голасам радасці хваліць будуць вусны мае. 7 Буду помніць я Цябе на пасцелі маёй, і на золку буду разважаць пра Цябе. 8 бо Ты — Успаможца мой, і пад покрывам крылаў Тваіх я радуюся. 9 Прытулілася да Цябе душа мая, правіца Твая падтрымлівае мяне. 10 А тыя, што будуць шукаць пагібелі для душы маёй, сыдуць у апраметныя зямлі, 11 хай загінуць яны ад мяча, пажывай лісаў будуць. 12 А цар узвесяліцца ў Богу; праслаўлены будуць усе, хто прысягнуў Яму, бо закрыліся вусны тых, хто прамаўляе несправядліва. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)